З’езд Таварыства беларускай мовы акрэсліў новыя напрамкі
26 октября 2008 г.Сярод удзельнікаў з’езду былі знаныя навукоўцы, палітычныя і грамадскія дзеячы, святары, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. Віншаванні з’езду прыйшлі з многіх краінаў свету, у тым ліку ад Згуртавання беларусаў Канады.
Як адзначыў вядомы беларускі паэт Генадзь Бураўкін, “ТБМ – гэта вельмі сур’ёзная арганізацыя для Беларусі. І тое, што мы сёння сабраліся на з’езд, тое, што я тут бачу вельмі паважаных людзей з розных куткоў роднай нашай Беларусі, сведчыць пра тое, што арганізацыя жыве, працуе, а тое, што тут дастаткова маладых твараў – пра тое, што ў арганізацыі ёсць будучыня”.
Мова значыць незалежнасць
“Мова – гэта душа народа, яго дух. А Таварыства беларускай мовы – гэта бачнае ўвасабленне таго ж народа, яго гісторыі, спадзяванняў і гдыбокай веры як у Госпада Бога, так і ў будучае мовы. Бо жыве мова – жыве народ”, - адзначыў настаяцель Мінскага кацёла святых Сымона і Алены ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк.
Са святаром пагадзіўся і пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан: “Ёсць шмат народаў, якія страчвалі мовы, а потым зніклі. Я спадзяюся, што гэтага ніколі не здарыцца ні ў Беларусі, ні з іншымі мовамі ў Еўропе, таму што сапраўды ўсе мовы маюць права быць”.
Мечыслаў Грыб, які як старшыня Вярхоўнага Савету падпісаў першую Канстытуцыю Беларусі, дзе беларуская мова была абвешчана адзінай дзяржаўнай, гаворыць : "Дзяржава сёння, мякка кажучы, не вельмі падтрымлівае нашы патугі, каб неяк распаўсюджваць беларускую мову. Змаганне за наша роднае слова – гэта ёсць і штодзённая барацьба за суверэнітэт, за незалежнасць нашай краіны”.
Немагчымае – магчыма
Старшыня ТБМ Алег Трусаў у справаздачным дакладзе нагадаў пра захады некаторых дзяржаўных установаў, скіраваныя на змяншэнне ўжывання беларускае мовы. Напрыклад, “у жніўні 2006 году Міністэрства адукацыі перавяло выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі ў школах з рускай мовай навучання з беларускай мовы на рускую. А крыху пазней з адукацыйных стандартаў ВНУ была выдаленая беларуская мова як абавязковы прадмет навучання. Аднак ТБМ не склала крылы і дабілася амаль немагчымага: зараз у ВНУ захаваны абавязковы курс “Беларуская мова. Прафесійная лексіка”, а гісторыю і геаграфію ў рускамоўных школах са згоды бацькоў, вучняў і настаўнікаў зноў можна выкладаць па-беларуску”.
Пасля справаздачаў і выступаў адбыліся выбары новага кіраўніцтва Таварыства. Адзінагалосна на гэтую пасаду быў наноў абраны Алег Трусаў, а ягонай першай намесніцай засталася Людміла Дзіцэвіч.
Як сказаў Алег Трусаў пасля свайго пераабрання на пасаду старшыні, зараз асноўныя задачы ТБМ – падрыхтаваць грамадзян да перапісу насельніцтва, які адбудзецца ў наступным годзе, дабіцца зменаў у закон аб мовах, якія б гарантавалі сапраўдную роўнасць беларускай мовы з расійскай, а таксама дабівацца беларусізацыі дзяржаўнага тэлебачання, адкуль мова тытульнае нацыі фактычна знікла.
Мова эліты
Што да стаўлення да беларускай мовы ў самім грамадстве, то яно, паводле Алега Трусава, змянілася ў лепшы бок. “Гэта стала мова гораду, мова эліты. Вёска калгасная памірае. Зараз у ТБМ ідуць дзеці з рускамоўных сем’яў і з рускамоўных школ. І абітурыенты, - калі ласка, што было ў гэтым годзе? Расійская мова з трэскам правалілася, беларускую здалі выключна!”
У наступным годзе Таварыства беларускай мовы будзе адзначаць сваё дваццацігоддзе. Да гэтай даты з’езд пастанавіў выдаць брашуру “Летапіс ТБМ – 1989 – 2009 гады”, выпусціць кішэнны і насценны календары, а таксама памятны канверт. Апроч таго, дэлегаты форуму вырашылі звярнуцца да ўладаў і грамадзян Беларусі з заклікам годна падрыхтавацца і адзначыць 600-годдзе Грунвальдскай бітвы, якая стала лёсавызначальнай падзеяй для ўсіх краінаў рэгіёну. Гэты юбілей будзе адзначацца ў Цэнтральнай Еўропе ў 2010 годзе.