Новыя праблемы для “трэцяга сектару”
23 апреля 2008 г.Пра гэты дакумент, падпісаны кіраўніком дзяржавы, загадзя нагадалі некаторыя недзяржаўныя выданні, да прыкладу, зарэгістраваная ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі газета “Новы час” у № 13 ад 18 красавіка, а таксама кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, калі праз сродкі масавай інфармацыі звярнулася да грамадзян з заклікам дапамагчы знайсці сродкі на аплату арэнды сталічнай сядзібы арганізацыі па вуліцы Румянцава, 13.
Як паведаміў старшыня ТБМ Алег Трусаў, “на прыклад, мы цяпер плацім за арэнду толькі ў Мінску з разліку 84,6 еўра, а трэба будзе плаціць 846 еўра ў месяц, а гэта толькі арэнда. А яшчэ камунальныя паслугі, тэлефон, святло, інтэрнэт і гэтак далей.”
На мяжы фінансавай бездані
Паводле Алега Трусава, самі няўрадавыя арганізацыі пастаўленыя перад фінансавай безданню: “Мы ж камерцыйнай дзейнасцю не маем права займацца – гандляваць кніжкамі ці нечым яшчэ, мы жывем за кошт ахвяраванняў грамадзян і сяброўскіх складак. І так усе арганізацыі. Так што, такім чынам трэці сектар рэзка зменшыцца”.
Само Таварыства беларускае мовы, як сведчыць яго старшыня, ужо пачало змагацца за захаванне ільготнай аплаты арэнды па каэфіцыенце 0,1: “Мы пачалі збіраць подпісы грамадзян, каб нам гэтыя льготы пакінулі, і калі тысяч 50 сабяром, то, я думаю, нешта ж будзе. Ну, і трэба грошы збіраць – пяць мільёнаў у месяц, і людзі панеслі грошы. Прыйшоў нейкі невядомы чалавек, прачытаў у інтэрнэце, паклаў сто тысяч на стол і пайшоў. Ні прозвішча, ні імя, кажа: я прадпрымальнік і не хачу “свяціцца”.
Алег Трусаў падкрэсліў, што ягоная арганізацыя адносна вялікая - толькі афіцыйна зарэгістраваных сяброў мае больш за пяць тысяч. Таму калі кожны сябра за месяц ахвяруе хаця б тысячу рублёў, то ўжо хопіць аплаціць арэнду офіса. “А што казаць пра меншыя арганізацыі – таварыствы аховы жывёл, раслін, у іх там 50 - 100 чалавек?”
Падвышэнне кошту арэнды закране не толькі грамадскія аб’яднанні, але і палітычныя партыі. Як адзначае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, “зараз улада карэктуе сваю стратэгію ўзаемаадносінаў з грамадзянскай супольнасцю. І зараз побач з рэпрэсіямі палітычнага кшталту набывае вагу і эканамічны складнік. Арэндная плата - рэч вельмі дарагая, і грамадскія арганізацыі не такія багатыя; да таго ж, спонсараў унутры краіны не так шмат, якія б маглі ўзяць на сябе гэтыя выдаткі. Прыклад з гэтага шэрагу – павелічэнне грашовых штрафаў у судовых інстанцыях, таксама зыскавыя прэтэнзіі да заяўнікаў акцыяў. Я думаю, што гэта звёны аднаго ланцуга”.
Вайна супраць “трэцяга сектару”
На думку віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, падвышэнне арэнднай платы амаль у дзесяць разоў можа пазбавіць многія структуры “трэцяга сектару” юрыдычнага адрасу, неабходнага для афіцыйнага існавання палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў: “Гэта дае Мінюсту магчымасць працягнуць расправу над няўрадавымі арганізацыямі, якая ў нас адбывалася на працягу апошніх гадоў, калі па розных прычынах былі зачыненыя некалькі соцень НДА. І зараз адсутнасць юрыдычнага адраса будзе істотнай падставай для закрыцця арганізацыяў, і зрабіць што-небудзь будзе вельмі цяжка”.
Як адзначае праваабаронца, “зараз многія з іх спрабуюць знайсці значна меншыя памяшканні, літаральна нейкія будкі ў 4 - 6 квадратных метраў, каб хоць нейкім чынам зачапіцца і выжыць”.
Анатоль Лябедзька мяркуе, што такім чынам “трэці сектар” выціскаецца з легальнага існавання: “Сёння афіцыйна зарэгістраваныя палітычныя і грамадскія структуры падштурхоўваюцца да таго, каб у іх быў статус незарэгістраваных арганізацыяў з усімі магчымымі наступствамі, якія могуць быць, – крымінальныя справы за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”.
Колькі ў рэчаіснасці будзе каштаваць арэнда памяшканняў для няўрадавых некамерцыйных структураў, і ці зменіцца яна ўвогуле, стане вядома па атрыманні арганізацыямі арэндных рахункаў за чарговы месяц.