Таварыства беларускай мовы апасаецца за сваё існаванне
16 сентября 2008 г.Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны змушана плаціць больш за 5 мільёнаў рублёў у месяц за арэнду офісаў. У Беларусі ў 10 разоў павялічылся кошт арэнды для структур "трэцяга сектару".
Кіраўніцтва арганізацыі апасаецца, што можа настаць момант, калі сродкаў на аплату арэнды не будзе, і ТБМ можа пазбавіцца юрыдычнага адрасу і, як наступства, увогуле спыніць сваё існаванне.
"Мы ўжо плацім па тысячы еўра за два офіса. Мы проста звяртаемся з падзякай да людзей, хто дае нам ахвяраванні, і просім, каб людзі зноў ахвяравалі, бо ў нас няма другога выйсця. Усе нашы захады ў адміністрацыю прэзідэнта выніку не даюць, а льготы даюць толькі сваім", - распавядае старшыня ТБМ Алег Трусаў.
"Мне здаецца, што ўзвінцілі кошты спецыяльна, каб знішчыць "трэці сектар", які самастойны. Калі "Чырвоны крыж" – праўладная арганізацыя, то ім ціхенька льготы далі. А такіх незалежных арганізацый, як мы, больш за тысячу. Аднак, навошта ім арганізацыя6 якая робіць нешта па-беларуску".
Па словах Алега Трусава, выжыванню ТБМ спрыяюць зусім не тыя, хто мае фінансы і мог бы дапамагчы з аплатай арэнды памяшканняў.
"Пяць мільёнаў у месяц збіраюць людзі. Я звяртаўся да лідэраў апазіцыі – атрымаў "торбу храпак", хаця ў іх грошы ёсць. Потым звяртаўся да ўсіх беларускіх банкаў – усе банкі адмовілі. У асноўным хто дапамаагае? Вольныя журналісты дапамагаюць і простыя людзі – настаўнікі, студэнты, пенсіянеры: хто тысячу прынясе, хто - дзесяць, хто - дваццаць. З дзесятак прадпрымальнікаў пераводзяць па сто тысяч у месяц, вось так і жывём. ТБМ не патрэбна ні апазіцыі, ні ўладам, а простым людзям – патрэбна, і мы ўдзячныя простым беларусам". (гк)