У Беларусі судзяць моладзевых актывістаў
3 марта 2009 г.У аўторак, 3 сакавіка, суд Ленінскага раёна беларускай сталіцы пакараў буйнымі штрафамі трох актывістаў "Маладога фронту", якія днём раней правялі несанкцыянаваную акцыю насупраць адміністрацыі прэзідэнта ў падтрымку актывіста арганізацыі Арцёма Дубскага. Менавіта ў дзень акцыі пачаўся суд над Дубскім па новай крымінальнай справе.
Асіповіцкі арыштант
У аўторак у Асіповічы на працэс над Арцёмам Дубскім - фігурантам леташняга "Працэсу чатырнаццаці", асуджаным да абмежавання волі па месцы жыхарства за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў, з’ехаліся дзесяткі актывістаў дэмакратычнага руху Беларусі. Сярод прысутных былі таксама палітыкі Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык і іншыя.
Дубскага судзілі па так званай "справе з сім-картай", якую той знайшоў на вуліцы. Уладарка сім-карты напачатку абвінавачвала юнака ў выкарыстанні чужой карткі і ўроне на суму ў амаль паўтары тысячы еўра. Але суддзя спыніў тую справу пасля таго, як бакі прыйшлі да замірэння. Вызвалення, аднак, не адбылося, бо адразу ж было заяўлена, што супраць актывіста распачата новая справа паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэкса за ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі.
Па словах лідэра "Маладога фронту" Зміцера Дашкевіча, у зале суда Дубскі быў арыштаваны, дастаўлены ў РАУС, а потым у следчы ізалятар гораду Асіповічы. Цяпер чакаецца, што над ім цягам месяца адбудзецца суд.
Як распавёў Дашкевіч, каля будынку суда праходзіў пікет, былі разгорнуты расцяжкі "Свабоду Дубскаму!", а таксама партрэты Арцёма. "Яшчэ адзін пікет адбыўся потым ля следчага ізалятара, калі стала зразумела, што Арцём будзе знаходзіцца там. Па вуліцах горада адбылося шэсце пад бел-чырвона-белым сцягам", - паведаміў кіраўнік маладафронтаўцаў.
Штрафы за салідарнасць
Удзельнікаў мінскай акцыі пратэсту насупраць Адміністрацыі прэзідэнта трох маладафронтаўцаў ноч пратрымалі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. А 3 сакавіка адбыліся хуткія разгляды адміністратыўных справаў, у выніку чаго маладзёны атрымалі штрафы: Юлія Міхайлава - 30 базавых велічынь, амаль 300 еўра, Вадзім Ханяўка - 25 базавых, каля 250 еўра, і Мікалай Дземідзенка быў аштрафаваны на 45 базавых велічынь - больш за 400 еўра.
Па словах намесніцы старшыні "Маладога фронту" Насты Палажанкі, тое, што адбывалася пад час разгляду адміністратыўных справаў маладзёнаў, мала нагадвала суд. “Прыйшоў суддзя, зачытаў справу, не было сведкаў, было абсалютна бачна, што прысуды фармальныя, па загадзе, што Лукашэнку цяпер невыгодна кідаць моладзь за краты, - адзначыла Наста Палажанка. Паводле яе словаў, такім чынам улада спадзяецца запалохаць моладзь.
Былы суддзя, кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла адзначыў, што дзейнічае судовы канвеер, які не зацікаўлены ў адпраўленні правасудззя. Паводле праваабаронцы, суд задзейнічаны як рэпрэсіўная машына, якая накіроўвае маладых людзей у месцы пазбаўлення волі ці прыгаворвае да велізарных грашовых штрафаў. "У гэтым плане нашы суды дэманструюць сваю поўную залежнасць ад выканаўчай улады”, - падкрэсліў Гары Паганяйла.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Вікторыя Заранка