1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Пуга і пернік" беларускай улады

26 февраля 2009 г.

Удзельнікам лютаўскіх вулічных акцый дэмакратычных сілаў пагражаюць выключэннем з навучальных установаў, праваахоўнікі затрымалі яшчэ аднаго фігуранта "Працэсу 14", а суд вырашыў не караць праваабаронцу.

https://p.dw.com/p/H1ea
Фота з архівуФото: M.Nelioubin

На гэтым тыдні затрыманы яшчэ адзін фігурант леташняга рэзананснага "Працэсу чатырнаццаці", а некаторым актывістам дэмакратычнага моладзевага руху пагражаюць выключэннем з навучальных установаў за ўдзел у мірных акцыях апазіцыі, якія адбыліся ў лютым. Тым часам, суд вышэйшай інстанцыі адмяніў пакаральнае рашэнне ў дачыненні да вядомага праваабаронцы і журналіста.

Пагрозы выключэння і адмова ў абароне

Непаўнагадовым актывістам "Маладога фронту" Алёне Паляшчук, Яраславу Лыскаўцу і Марыі Мароз, якія ўдзельнічалі ў разагнанай спецназам акцыі апазіцыі ў Мінску 14 лютага патэлефанавала жанчына, якая прадставілася супрацоўніцай Камітэта адукацыі. Яна папярэдзіла маладафронтаўцаў, што камітэт дашле запыт у школу, дзе навучаецца Алена Паляшчук, на характарыстыку дзяўчыны і зладзіць праверку па гэтым факце.

Сітуацыя паўтарылася з Яраславам Лыскаўцом і Марыяй Мароз. Бацькам Лыскаўца па тэлефоне параілі заняцца "годным" выхаваннем сына і паведамілі, што адміністрацыя школы будзе пільна сачыць за маладафронтаўцам. Маладзёнам прыгразілі выключэннем са школы за "ганебныя" паводзіны.

Блізкім арыштаваных 8 лютага былых прадпрымальнікаў з Ваўкавыску Юрыя Лявонава, Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі адмовілі выступіць іх абаронцамі. Па словах юрыста Алега Волчака, гэтае рашэнне следчага будзе абскарджана ў Гарадзенскую пракуратуру, паколькі яно парушае правы затрыманых на абарону.

Яшчэ адзін падследны

23 лютага ва ўпраўленне міліцыі Маскоўскага раёна Мінска выклікалі асуджанага летась на паўтары гады абмежавання волі па месцы жыхарства моладзевага актывіста Максіма Дашука, дзе яму выставілі абвінавачанне паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэкса за парушэнне ўмоваў адбыцця пакарання.

Weißrussland Wahlen Demonstration der Opposition in Minsk
Адна з акцыяў беларускай апазіцыіФото: AP

Пасля праведзенай у ізалятары на вуліцы Акрэсціна ночы маладзёна адвезлі ў пракуратуру, дзе следчы змяніў яму меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Цяпер Дашук знаходзіцца пад хатнім арыштам на час следства, а яшчэ адзін фінурант "Працэсу чатырнаццаці" Арцём Дубскі ў чаканні суда, які пачнецца 3 сакавіка ў Асіповічах, знаходзіцца ў следчым ізаляраты горада Бабруйска. Дубскага таксама звінавачваюць у парушэнні рэжыма адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі па месцы жыхарства.

Суд апраўдаў праваабронцу

А вось прыемнай навіной стала рашэнне Віцебскага абласнога суда, які адмяніў рашэнне суда Савецкага раёна абласнога цэнтра ў дачыненні да праваабаронцы і журналіста Валерыя Шчукіна, якому першасная судовая інстанцыя 11 студзеня 2009 года прысудзіла штраф у 70 тысяч рублёў за "дробнае хуліганства".

Інцыдэнт адбыўся яшчэ летась, 11 снежня, у шпіталі, калі Шчукін са сваякамі прыйшоў наведаць непаўнагадовага Максіма Андрэева, якога адпаведныя службы хацелі адправіць у сацыяльны прытулак. Маці Максіма палічыла гэта супрацьпраўным і звярнулася да праваабаронцы Шчукіна, які ўбачыў хлопца вельмі знерваваным пасля гутаркі з псіхіятрам і запатрабаваў, каб лекар не чыніў уціску на 16-гадовага падлетка.

Медык абвінаваціў Шчукіна ў абразе, а міліцыянты, якіх выклікаў лекар, склалі пратакол пра нецэнзурную лаянку праваабаронцы ў іх прысутнасці. Тым не менш, абласны суд пастанавіў увогуле скасаваць адміністрацыйную справу з прычыны адсутнасці ў дзеяннях Валерыя Шчукіна супрацьпраўных дзеянняў.

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме