Прафесар з Германіі даследуе архітэктуру пасляваеннага Мінска
15 марта 2009 г.Удзельнікі прэзентацыі адзначылі акадэмічны і вельмі грунтоўны падыход нямецкага даследчыка да абранай тэмы. Паводле Томаса Бона, ягоная кніга "Мінск – узорны сацыялістычны горад" ("Minsk – Musterstadt des Sozialismus"), ёсць кваліфікацыйнай працай для атрымання навуковай ступені, якая ў Беларусі эквівалентная ступені доктара навук.
Пра архітэктуру як люстэрка гісторыі
Прафесар з Германіі распавёў, што першапачатковая назва вынікаў даследвання была "Мінскі феномен, гарадское планаванне і ўрбанізацыя пасля Другой сусветнай вайны". Але выдавецтва прапанавала іншую назву – "Мінск – узорны сацыялістычны горад". Меркавалася, што такім чынам кніга зацікавіць больш вялікае кола чытачоў, не абмежаванае выключна навукоўцамі.
У кнізе Томаса Бона распавядаецца пра аднаўленне і развіццё сталіцы Беларусі пасля Другой сусветнай вайны. Даследчык разглядае працэсы ўрбанізацыі як ключ да разумення правала намераў савецкай улады на поўнае панаванне. Па словах аўтара, першая частка прысвечана архітэктуры і будаўніцтву, другая – праблеме урбанізацыі і міграцыі, трэцяя – "жыллёваму пытанню" і паўсядзённаму жыццю.
На прыканцы кнігі ўзгадваюцца прыклады з жыцця "сацыялістычнага горада" і анекдатычныя гісторыі, якія, паводле Бона, сведчаць аб тым, што татальнага панавання камуністычнай партыі ніколі тут не было, што насельніцтва ігнаравала афіцыйныя правілы, і частка такіх прыкладаў дагэтуль ёсць у архівах пад надпісам "цалкам сакрэтна".
Нямецкі даследчык закрануў за жывое
Падчас дыскусіі прагучала шмат эмацыйных заўваг. Падаецца, што нямецкі прафесар закрануў у кнізе пытанні балючыя і мала даследаваныя. Бо афіцыйная гістарычная навука сучаснай Беларусі шмат у чым механічна паўтарае савецкія міты. Напрыклад, беларускі гісторык Захар Шыбека прыгадаў, што разбурэнне Мінску нібыта на 80 адсоткаў - у пэўнай ступені савецкі міт, створаны, каб развязаць рукі для будаўніцтва пасля вайны ўзорнага сацыялістычнага гораду. Шыбека паведаміў, што ў хуткім часе пабачыць свет даследванне з дакументальнымі фотаздымкамі, з якога будзе бачна, што было разбурана ў Мінску вермахтам, а што зруйнавалі савецкія ўлады.
Аўтара вядомай кнігі пра Мінск "Горад СОНца" Артура Клінава закранула тэма, якая праходзіць праз усю кнігу Томаса Бона: беларускія гарады насяляюць людзі з вёскі. "Я згодны з тэзісам, што нашыя гарады па-ранейшаму насяляюць качэўнікі, гэта галоўная прычына, чаму гарады па-ранейшаму знікаюць: бо качэўнікі ніх не бароняць", - сцвярджае Клінаў. Пісьменнік лічыць, што ў бліжэйшыя 10 год стары Мінск цалкам знікне, таму што "на тэрыторыі помнікаў архітэктуры запланаванае будаўніцтва новых ансамблей, гатэляў і тэлескапічных монстраў".
Мінск – наўпрост еўрапейскі горад
Дыскусія доўжылася больш за запланаваны час, працягнулася амаль да поўначы. Амбасадар Германіі Гебхардт Вайс (Dr.Gebhardt Weiss), дарэчы, гісторык па першай адукацыі, прыгадаў, што шмат якія аспекты тэмы, абранай Томасам Бонам, яшчэ маюць быць даследаваныя.
"Для мяне асабіста, як для чалавека, які меў магчымасць прафесійна працаваць на розных кантынэнтах – у Амерыцы, Афрыцы, Азіі – погляд на прастору Еўропы вядзе да выніку, што і Мінск, і Гродна, і Масква, і Берлін – гэта наўпрост варыянты еўрапейскіх гарадоў", - зазначыў Гебхардт Вайс.
Адну са студэнтак Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту вельмі ўразіла, што грамадзянін Германіі займаецца гісторыяй Мінска і беларускай культуры. "Кніга гэтая ўнікальная, таму што гэта даследванне архітэктуры ў кантэксце гісторыі Менску пасляваеннага перыяду, - кажа студэнтка. –Але, сапраўды, феномен, калі займаюцца гэтым нямецкія прафесара і гісторыкі".
Аўтар: Алена Данейка
Рэдактар: Вікторыя Зарянка