1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

25 февраля 2011 г.

Актывісту "Маладога фронту" пагражае гаўптвахта. Сябра АГП падаў у суд на дзяржаўнае тэлебачанне. Віцебскія ўлады забаранілі акцыю салідарнасці. Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат падаў у суд на міністэрства юстыцыі.

https://p.dw.com/p/10PTP
Молоток на столе у судьи как символ правосудия
Фото: picture-alliance/ dpa

Незадоўга да дэмабілізацыі сябра "Маладога фронту" могуць адправіць на гаўптвахту. Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі падаў у суд на Беларускае тэлебачанне дзеля абароны гонару і годнасці ўласнай дачкі. У Віцебску ўлады чарговым разам забаранілі акцыю салідарнасці з палітзняволенымі. Былы адвакат вязня сумлення Ірыны Халіп, які быў пазбаўлены ліцэнзіі, падаў у суд зыск супраць мінюста.

Пагроза гаўптвахты

Актывісту зарэгістраванай у Чэхіі Міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" Яўгену Скрабцу, які зараз з’яўляецца вайскоўцам у Жлобіне і служыць у чыгуначных войсках, пагражаюць гаўптвахтаю. Маладзёна звінавацілі ў парушэнні правілаў унутранага распарадку на тэрыторыі сваёй вайсковай часткі.

Участники акции протеста оппозиции в Минске
Назіральнікі: Патэнцыяльны ўдзел ў Дні Волі - прычына ціску на маладзёнаўФото: AP

Яўген Скрабец мусіў дэмабілізавацца з арміі 21 сакавіка, але перад самым дэмбелем вайсковае кіраўніцтва можа пакараць яго дзесяццю суткамі гаўптвахты, і ў такім выпадку маладафронтавец пакіне войска толькі пасля 25 сакавіка, калі ў Беларусі дэмакратычныя сілы будуць адзначаць Дзень Волі. Зараз, паводле правілаў, ідзе высвятленне стану здароўя маладзёна, пасля чаго яго і могуць пакараць. Назіральнікі не выключаюць, што мэтаю такіх дзеянняў вайсковага кіраўніцтва часткі ёсць не дапусціць удзелу маладафронтаўца ў вулічнай акцыі.

Для абароны дачкі

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), актывіст Руху "За свабоду" з Гомеля Аляксандр Процка накіраваў у суд Цэнтральнага раёна Мінска позву да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі (НДТРК), каб абараніць гонар і годнасць сваёй дачкі Галіны.

Справа ў тым, што яшчэ 19 жніўня на дзяржаўным тэлебачанні з’явіўся сюжэт, у якім дачку актывіста назвалі "сутэнёршай, якая перапраўляла беларускіх дзяўчатаў за мяжу дзеля заняцця прастытуцыяй".

Па словах зыскоўца, у матэр’яле маецца таксама інтэрв’ю супрацоўніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутарных справаў Андрэя Сарокі, які заявіў, што "удзельніца арганізаванай групы – гэта дзяўчына, якая раней займалася прастытуцыяй, а цяпер сама займаецца вярбоўкай". У гэты час на экране паказвалі дачку Аляксандра Процкі ў кайданках.

Вид на здание Белтелерадиокомпании в Минске
У суд накіраваная скарга на дзяржаўнае тэлебачаннеФото: DW / Olja Melnik

Спадар Процка лічыць, што НДТРК распаўсюдзіла пра яго дачку звесткі, у якіх неабгрунтавана і беспадстаўна звінаваціла дзяўчыну ў здзяйсненні цяжкага крымінальнага злачынства і да таго ж пра яе нібыта занятак прастытуцыяй у Турцыі. Афіцыйнае абвінавачанне Галіне было выстаўлена толькі 20 жніўня, на наступны дзень пасля з’яўлення сюжэта ў эфіры, але і зараз дачка актывіста не прызнае гэтае абвінавачанне. У справе абвешчаны трохмесячны перапынак для правядзення экспертызы.

Аляксандр Процка просіць суд прымусіць НДТРК абвергнуць звесткі, прынесці прабачэнні ягонай дачцы і спагнаць з кампаніі на карысць дзяўчыны 105 мільёнаў беларускіх рублёў (каля 25300 еўра ў пераліку) у якасці кампенсацыі маральнай шкоды і судовых выдаткаў.

Забарона на салідарнасць

Адміністрацыя Чыгуначнага раёна Віцебска чарговым разам забараніла дэмакратычным арганізацыям абласнога цэнтра правесці 27 лютага акцыю салідарнасці з людзьмі, якія знаходзяцца пад следствам пасля падзеяў у Мінску 19 снежня 2010 году.

Цяпер падставаю для адмовы стала правядзенне 27 лютага ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў спартовага свята "Снежныя забавы". Гэты парк вызначаны ўладамі як месца для правядзення мітынгаў і пікетаў. Раней у адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска арганізатарам сказалі, што на гэты дзень ніякіх мерапрыемстваў у азначаным парку не запланавана. Актывісты мяркуюць, што рашэнне правесці "Снежныя забавы" 27 лютага была прынята ў пажарным парадку пасля падачы заяўкі на правядзенне мітынгу.

Прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў Віцебска заяўляюць, што будуць звяртацца ў пракуратуру і дабівацца, каб канстытуцыйныя правы грамадзянаў былі рэалізаваныя. Актывісты плануюць падаць яшчэ адну заяўку на правядзенне акцыі салідарнасці ў іншы час.

Суд з мінюстам

Ирина Халип
У Ірыны Халіп змяніліся ўжо два адвакатаФото: Bildagentur bymedia

Уладзімір Толсцік, якога міністэрства юстыцыі днямі пазбавіла ліцэнзіі нібыта за адмову абараняць журналістку Ірыну Халіп, якая праходзіць у якасці абвінавачанай у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 году, мае намер абскардзіць рашэнне кваліфікацыйнай камісіі мінюста. У выніку гэтага рашэння спадар Толсцік фактычна пазбавіўся права на прафесію.

Як адзначае адвакат, гэтае рашэнне камісія міністэрства юстыцыі прыняла ў яго адсутнасць. У судзе Маскоўскага раёна Мінска, куды спадар Толсцік накіраваў скаргу, былы адвакат мерыцца даказаць, што ён не адмаўляўся абараняць Ірыну Халіп, якая сама напісала заяву пра скасаванне дамовы. Пакуль невядома, што змусіла журналістку прыняць такое рашэнне. Сама Ірына знаходзіцца зараз пад хатнім арыштам, яна пазбаўленая практычна ўсіх кантактаў з іншымі людзьмі, апроч бацькоў і новага адваката. Тыя, у сваю чаргу, не маюць права распаўсюджваць якую-нібудзь інфармацыю.

Нагадайма, што кваліфікацыйная камісія мінюста, апроч Уладзіміра Толсціка, таксама пазбавіла ліцэнзіяў адвакатаў Тамару Гараеву, Алега Агеева і Таццяну Агееву.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар: Вікторыя Заранка

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме