“Малады Фронт” выйшаў з АДС
18 марта 2008 г.Як адзначаецца ў паведамленні прэс-службы “Маладога Фронту”, рашэнне выйсці з кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў выклікана поўнай ідэйнай і структурнай раз’яднанасцю суб’ектаў АДС, якія не маюць ані адзінае стратэгіі, ані адзінага лідэра. Апроч таго, суб’екты АДС усё болей падначальваюцца лідэру камуністаў Сяргею Калякіну, які адкрыта пазіцыянуе сябе як кандыдат на будучыя прэзідэнцкія выбары.
У інтэрвью “Нямецкай хвалі” намеснік старшыні “Маладога Фронту” Артур Фінькевіч патлумачыў прычыны такога кроку ягонай арганізацыі: “Любая кааліцыя мусіць быць аб’яднаннем альбо вакол адзінага лідэра, альбо вакол нейкай ідэі, стратэгіі дзеянняў і гэтак далей. Зараз агульнай стратэгіі, напрыклад, у парламенцкай кампаніі, у іх няма”.
Паводле Артура Фінькевіча, калі браць “тыя Аб’яднаныя дэмсілы, то яны адмаўляюць еўрапейскі вектар развіцця, на дадзены момант ёсць значна большы крэн улева і ў бок Расіі. Мы ўжо ініцыюем стварэнне права-цэнтрысцкага блоку, перамовы на дадзены момант вядуцца”.
На думку намеснік старшыні “Маладога Фронту”, няма нічога кепскага ў гэтым раздзяленні, бо ўжо ёсць левы блок, вось будзе і правы блок. “Я думаю, што пасля парламенцкіх выбараў канчаткова аформіцца разыход па двух блоках, мы як і раней будзем падтрымліваць Аляксандра Мілінкевіча”.
З нагоды выхаду са складу АДС “Маладога Фронту” сустаршыня Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заўважыў: “Калі дзверы адчыненыя, то ў іх можна як заходзіць, так і выходзіць. Я тут не бачу аніякай праблемы. АДС – гэта ж не калгас, у які заганяюць прымусова, са спецназам і ваярамі Паўлючэнкі”.
На ягоную думку, гэта выглядае як піяр для дзвюх структур ці асобаў. “Піярыцца “Малады Фронт” на тым, што ён выйшаў, і піярыцца Калякін, які быццам бы з’яўляецца нейкай праблемай. Усё звялося да таго, што “Малады Фронт” лічыць, што патрэбны лідэр, і гэты лідэр – Мілінкевіч. Ну, калі ласка, можна пайсці ў рух “За свабоду”, мець такога лідэра і працаваць. Я не бачу тут ніякіх праблем”.
Анатоль Лябедзька лічыць, што поўнага адзінства дэмакратычных сілаў у Беларусі пры пэўных абставінах выключаць нельга. “Яно магчыма пры наяўнасці палітычнае волі ў асноўных суб’ектаў. Сёння не ўсе яе дэманструюць. Я магу сказаць, што Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларускі народны фронт, сацыял-дэмакраты Казуліна, тая ж Партыя камуністаў Беларуская і некаторыя больш дробныя суб’екты прыспусцілі свае партыйныя штандары і гатовыя ахвяраваць нечым сваім дзеля агульных задач”.
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі падкрэсліў, што калі будуць АДС – будзе адзіны кандыдат. “Пойдзем на тое, каб стварыць сёння тры-пяць асобных цэнтраў, якія вядуць барацьбу не з рэжымам, а канцэнтруюцца на ўнутрывідавай барацьбе, значыць, будзе параза. Значыць, Аляксандр Рыгоравіч у Чырвоным доме будзе піць шампанскае, сам, нават без дапамогі сына Віктара, застанецца ля ўлады і пасля 2011 году. Калі гэтага не разумеюць некаторыя маладыя людзі, то гэта павінныя разумець іх старэйшыя таварышы”.