Літоўскія дэпутаты: палітыка ізаляцыі Беларусі не апраўдалася
30 сентября 2008 г.Надышоў час запрасіць Беларусь у Раду Еўропы – мяркуюць некаторыя дэпутаты літоўскага Сойму. Падчас дэбатаў "Куды скіраваць літоўска-беларускія адносіны" ў Вільне шэраг уплывовых літоўскіх палітыкаў сышліся ў думцы, што палітыка ізаляцыі Беларусі не апраўдаліся, і нягледзячы на кепскае становішча з дэмакратыяй, краіну трэба інтэграваць у еўрапейскія структуры з мэтай захавання яе незалежнасці ды падтрымання кантактаў з рэжымам.
Апазіцыя не мае магчымасцяў павесці за сабой народ
Дэмакратызацыя Беларусі толькі рукамі апазіцыі немагчымая – такую думку падчас дэбатаў у беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні выказаў дэпутат Сойму, старшыня групы па сувязях з Беларуссю Вацлаў Станкевіч.
Яго меркаванне адлюстроўвала агульнае расчараванне ў патэнцыяле беларускай апазіцыі, што пераважае цяпер у заходніх палітычных колах: "Апазіцыя, трэба прызнаць, ня мае цяпер такіх магчымасцяў павесці за сабой народ у дэмакратычным кірунку развіцця. Таму я прапаную шлях: не адштурхоўваючы апазіцыю, таксама разгортваць і дыялог з афіцыйным Менскам".
Літоўскія парламентары зазначаюць, што парламенты Расеі, Азербайджану ды іншых краін СНД, таксама сфарамаваныя не без парушэнняў дэмакратычных працэдур, сёння прадстаўленыя ў еўрапейскіх парламенцкіх структурах.
У ізаляцыі, на думку Вацлава Станкевіча, нятрэба пакідаць і Беларусь, бо тады краіна дрэйфуе ў бок Венесуэлы, Ірану, Паўночнай Карэі і г.д.
"Я лічу, што надышоў час пачаць працэдуру і запрасіць Беларусь, можа ў якасці назіральніка, у Раду Еўропы. Вельмі важна, каб ня толькі апазіцыя ведала, якія справы робяцца на прасторах Еўразвязу, але і таксама тыя людзі, якія прыйшлі ў парламент, якія працуюць ва ўрадавых структурах. Каб яны кантактавалі, вялі дыялог з еўрапейскімі структурамі".
Прагматыка Літвы зразумела
На думку палітолага Дзяніса Мельянцова, які сачыў за дэбатамі ў Доме правоў чалавека, не апошнюю ролю ў жаданні Літвы і канкрэтных дэпутатаў Сойму прагматызаваць замежнапалітычны курс адыгрывае эканамічны інтарэс:
"Не сакрэт, што ўжо некалькі год Літва разам з Польшчай і Латвіяй праводзіць больш-менш прагматычную палітыку ў дачыненні да Беларусі. Літва вельмі зацікаўленая ў Беларусі перадусім з эканамічнага гледзішча, таму што ў нас вельмі шмат сумесных прадпрыемстваў, вельмі шмат бізнэсу супольнага. Літва таксама вельмі зацікаўленая ў перавалцы беларускіх тавараў праз Клайпедскі порт".
На думку палітолага, пазіцыя Вацлава Станкевіча часткова прадыктаваная гэтымі меркаваннямі.
"Па-першае, яна адлюстроўвае агульнаеўрапейскае адчуванне, таму што ўсе стратэгіі ЕЗ па дэмакратызацыі Беларусі праваліліся. Ну і тое, што Вацлаў Станкевіч – гэта дэпутат ад Клайпеды, натуральна накладае на яго пэўныя абавязанні", - кажа Дзяніс Мельянцоў.
Літоўскія палітыкі не хаваюць свайго расчаравання ў тым, як адбываліся "так званыя" выбары ў суседняй краіне, аднак упэўненыя, што далейшая ізаляцыя Беларусі нічога ня вырашыць, а можа ўштурхнуць Беларусь у яшчэ большую залежнасць, або нават у склад Расеі.