Еўрапейскія амбудсмены вывучаюць Беларусь
26 февраля 2009 г.26 лютага у Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яханеса Рау ўпаўнаважаныя па правах чалавека Германіі, Даніі, Нідэрландаў і Фінляндыі, у межах двухдзённага візіту ў Беларусь абмеркавалі сітуацыю ў краіне з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасці. На адной з сустрэч еўрапейскія амбудсмены выслухалі меркаванні лідэраў палітычных партый, якія ўваходзяць у кааліцыю Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.
Адсутнасць палітычных зменаў
Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі па завяршэнні сустрэчы з еўрапейскімі амбудсменамі, на якую журналістаў не дапусцілі, распавёў, што ўдзельнікі з беларускага боку выказалі сваё стаўленне да працэсаў, якія зараз адбываюцца ў Беларусі.
Па словах лідэра БНФ, беларускія палітыкі лічаць, што палітычный лібералізацыі ў краіне няма. "У сферы эканомікі, пра лібералізацыю якой заявілі ўлады, нешта фармальна зроблена, а што да палітычных зменаў, то, на нашу агульную думку, акрамя нейкіх сімвалічных крокаў, якія не з’яўляюцца незваротнымі, нічога зроблена не было", - адзначыў Лявон Баршчэўскі.
Паводле палітыка, ва ўдзельнікаў сустрэчы было рознае бачанне, "колькі часу можна даць уладзе, каб выправіць сітуацыю, мяняць законы і практыку іх прымянення, мяняць дыскрыдытаваных чыноўнікаў, якія запэцканыя рэпрэсіямі". На думку старшыні партыі БНФ, ва ўлады ёсць магчымасці да 13 красавіка ўсё гэта прадэманстраваць.
Як адзначыў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, апазіцыя не падтрымлівае зняцця санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў зараз і канчаткова, але выступае за тое, каб даць уладам яшчэ адзін шанец. Але, лічыць палітык, Еўрапейскаму Звязу трэба выразна сказаць, што менавіта павінны зрабіць беларускія ўлады ў пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека.
Прытрымлівацца вяршэнства правоў чалавека
Упаўнаважаны Федэральнага ўраду ў Міністэрстве замежных справаў Германіі па палітыцы ў галіне правоў чалавека і гуманітарнай дапамогі Гюнтэр Нооке быў у Беларусі тры гады назад, таму можа параўнаць цяперашнюю сітуацыю з тагачаснай. Па словах Нооке, што, калі можна спакойна хадзіць па горадзе, сустракацца з апазіцыяй і прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, то сітуацыя нейкім чынам лібералізавалася.
Але прадстаўнік Германіі удакладніў, што ў Беларусі яшчэ застаюцца вялікія праблемы ў галіне свабоды СМІ і свабоды сходаў. "Таксама ўтварэнне партый і рэгістрацыя і няўрадавых арганізацый залежыць ад волі чыноўнікаў ці ад норм заканаўства, якія хутчэй перашкаджаюць, чым дапамагаюць таму, каб тут узнікла адкрытае і свабоднае грамадства", - лічыць нямецкі амбудсмен.
Гюнтэр Нооке падкрэсліў, што вельмі важна, каб пытанні правоў чалавека заставаліся прыярытэтнымі ў палітыцы Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі. "Для гэтага існуюць паслы па правах чалавека, каб нагадваць, што мы самі павінны прытрымлівацца таго, што складае нашу сістэму каштоўнасцяў", - адзначыў Упаўнаважаны Федэральнага ўраду ў Міністэрстве замежных справаў Германіі па палітыцы ў галіне правоў чалавека і гуманітарнай дапамогі.
Генадзь Канстанцінаў