1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Дэмсілы рыхтуюцца да “Чарнобыльскага шляху”

Генадзь Канстанцінаў3 апреля 2008 г.

Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” вызначылі дату і фармат правядзення акцыі да 22 гадавіны катастрофы на ЧАЭС. У акцыі возьмуць удзел усе суб’екты апазіцыі.

https://p.dw.com/p/DbWh
Фото: AP

Першым пытаннем паседжання аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” было вызначэнне месца збору і маршруту акцыі. Пасля шпаркай дыскусіі было вырашана ўлічыць сумны досвед апошняй вулічнай акцыі апазіцыі на Дзень Волі і збірацца не на Плошчы Якуба Коласа, але на пляцоўцы ля Акадэміі навук, пасля чаго прайсці шэсцем да Плошчы Незалежнасці, дзе правесці мітынг. Арганізатары адмовіліся ісці да чарнобыльскай капліцы на вуліцы Сурганава, бо ўлічылі, што дзень акцыі выпадае на велікодную суботу, і ля праваслаўнай царквы могуць весціся падрыхтоўчыя мерапрыемствы да вялікага хрысціянскага сьвята.

Сябра аргкамітэту, прадстаўнік руху “За свабоду” Віктар Карняенка акрэсліў тэматыку будучай акцыі. “Тры асноўныя тэмы: закрытае ад грамадства будаўніцтва атамнай электрастанцыі, ахова здароўя насельніцтва, у першую чаргу ў сувязі с Чарнобылем і ўвогуле, і трэці момант – гэта адмена сацыяльных гарантыяў тым людзям, якія пацярпелі ад аварыі, і ў першую чаргу ліквідатарам”.

Патрабаванне праўды

Як адзначыў першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, “першасны змест “Чарнобыльскага шляху” – уратаваць беларускі народ, беларускую нацыю ад фізічнага вынішчэння – на жаль, застаецца актуальным і становіцца актуальным яшчэ больш. Ёсць шырэйшае пытанне – народ адсунуты ад прыняцця найважнейшых рашэнняў, у нас няма дэмакратыі, у нас няма рэальна выбарнага парламенту, няма рэальных парламенцкіх слуханняў, няма аб’ектыўнай інфармацыі, якая датычыць усіх галінаў жыцця народу, дзяржавы і эканомікі. Мы патрабуем праўды, публічнасці і ўдзелу народу ў прыняцці найважнейшых рашэнняў.”

Паводле палітыка, усё ж адным з асноўных момантаў акцыі будзе наданне ўвагі сацыяльнаму становішчу грамадзян постчарнобыльскай Беларусі.

“Абсалютна гаротны стан нашай медыцыны і напрамую звязаная з Чарнобылем адмена сацыяльных гарантыяў. Нікуды мы ад гэтай праблемы, ад вельмі балючага для мільёнаў людзей рашэння мінулага снежня не падзенемся, таму мы маем намер зноў падымаць гэтае пытанне. Таму што гарантыі адабралі не толькі ў тых, хто сам на сябе можа зарабіць, але найперш у тых, хто сам зарабіць не можа, хто церпіць пакуты не са сваёй віны”.

Таму актыўны ўдзел у акцыі, адзначыў старшыня аргкамітэту грамадскага аб’яднання “Ліквідатар” Аляксандр Ваўчанін, возьмуць удзел тыя, хто змагаўся з наступствамі катастрофы, каб звярнуць увагу на свае балючыя праблемы.

“Першая праблема – гэта пенсійнае забеспячэнне ліквідатараў, санаторна-курортнае лячэнне і пераход на групу інваліднасці, звязаны са знаходжаннем у радыяцыйнай зоне”.

Што за шлях?

Намеснік старшыні арганізацыі “Маладыя дэмакраты” Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіл Пашкевіч спадзяецца на ўдзел у “Чарнобыльскім шляху” дастатковай колькасці маладых людзей.

“Я сам 1986 году нараджэння, і шмат хто з актывістаў “Маладых дэмакратаў”, “Маладога Фронту” – мае аднагодкі, 85-86-х гадоў нараджэння, і мы вельмі разлічваем, што нашы аднагодкі - равеснікі Чарнобыля прыйдуць і запытаюцца ў дзяржавы: Што было? Што зроблена? Што плануецца? У выпадку, калі плануецца будаўніцтва АЭС, то чаму гэта ўсё замоўчваецца. Калі кожны дзесяты прачытае ў газетах, што адбыўся “Чарнобыльскі шлях”, то ён задумаецца, што гэта за шлях, чым ён выкліканы”.

Сустаршыня аргкамітэту партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі спадзяецца, што ўладамі не будзе паўтораная сітуацыя на Дзень Волі.

“Цалкам магчыма, што рэакцыя ўладаў будзе аналагічнай 25-му сакавіка, і яны зробяць усё магчымае, каб шэсця ў цэнтры гораду не было. Але я спадзяюся, што людзям без перашкод прынамсі дзволяць сабрацца ля Акадэміі навук, і гэта будзе дазволенае месца збору”.

Не віна апазіцыі

Палітолаг Валеры Карбалевіч не думае, што колькасць удзельнікаў акцыі будзе вялікай.

“Я думаю, што будзе звычайная колькасць, якая звычайна прыходзіць – 2-3 тысячы, гэта мабілізаваныя актывісты, партыйныя, і ў межах гэтай колькасці і будзе людзей”.

Аднак прычына малаколькаснасці ўдзельнікаў, на думку аналітыка, палягае не ў саміх лідэрах апазіцыі.

“Зараз няма палітычнага пад’ёму, няма палітызацыі грамадства, якая адбываецца пад час выбараў, асабліва прэзідэнцкіх, што было ўвесну 2006 году, калі людзі спадзяваліся, што магчыма нешта змяніць. Зараз такая магчымасць нерэальная, зараз палітычнае міжсезонье, таму разлічваць на тое, што людзі пойдуць у вялікай колькасці, не даводзіцца. І праблема не ў апазіцыі, праблема ў палітычнай абстаноўцы, палітычным стане грамадства, таму апазіцыя і не можа нічога прыдумаць у гэтай сітуацыі”.

Як бы то ні было, на пачатку наступнага тыдня афіцыйная заяўка будзе пададзена арганізатарамі “Чарнобыльскага шляху” у Мінскі гарвыканкам. Збор удзельнікаў мае адбыца а 14-й гадзіне ў суботу, 26-га красавіка, на пляцоўцы ля Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Апроч таго, пры канцы красавіка ў Мінску плануецца правесці канферэнцыю па пытаннях радыяцыйнай бяспекі, сацыяльных гарантыяў пацярпелым ад радыяцыі, а таксама будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі і галоснасці вакол гэтай праблематыкі.