1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Дзень волі з мірным сыходам і прэвентыўнымі арыштамі

26 марта 2009 г.

На гэтым тыдні ўвага сілавых структураў была прыцягнута да адзначэння апазіцыяй Дня волі. У сувязі з гэтым адбываліся прэвентыўныя затрыманні актывістаў і ператрусы з канфіскацыяй інфармацыйных матэр’ялаў.

https://p.dw.com/p/HKF1
Фото из архива. Одна из акцый белорусской оппозиции Р
Фота з архіву. Адна з акцыяў беларускай апазіцыіФото: AP

Напярэдадні і ў дзень адзначэння дэмакратычнай грамадскасцю 91-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, у Дзень волі 25 сакавіка ў розных рэгіёнах краіны адбыліся прэвентыўныя затрыманні актывістаў апазіцыі, ператрусы ў іх кватэрах з канфіскацыяй інфармацыйных і агітацыйных матэр’ялаў. Аднак сёлета акцыя, адрозна ад леташняй прайшла мірна.

Папярэджанні і затрыманні

Напярэдадні Дня волі, 24 сакавіка актывіст руху "За свабоду" Сяргей Салаш з Барысава быў запрошаны па тэлефоне на размову ў міліцыю. Міліцыянт цікавіўся, ці мае намер барысаўскі палітык узяць удзел у святкаванні Дня волі ў Мінску, і папярэдзіў Салаша аб адміністратыўнай адказнасці за ўдзел у акцыі. У гэты ж дзень такія папярэджанні былі вынесены актывістам "Маладога фронту" Паўлу Кур’яновічу, Андрусю Тычыну, Іллю Шылу і Аляксею Валабуеву.

У Салігорску 25 сакавіка быў затрыманы і змешчаны ў пастарунак актывіст руху "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Аляксандр Цэцура, які накіроўваўся ў Мінск на Дзень волі. У Гомелі былі затрыманыя і асуджаныя за "парушэнні грамадскага парадку" актывісты партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Кастусь Жукоўскі і Сяргей Трыфанаў. Жукоўскаму прысудзілі трое сутак арышту, а Трыфанава аштрафавалі на больш за мільён рублёў - каля 300 еўра.

25 сакавіка ў Мінску прайшлі ператрусы на кватэрах некаторых моладзевых актывістаў з канфіскацыяй інфармацыйных матэр’ялаў і нацыянальнай сімволікі. У гэты ж дзень зранку на чыгуначным вакзале сталіцы міліцыянты затрымалі кіраўніка расійскай моладзевай арганізацыі "Абарона" Алега Казлоўскага і актывістаў Аляксандра Савельева і Максіма Тарлыкова, якія прыехалі ў Мінск на акцыю беларускай апазіцыі. Іх звінавацілі ў лаянцы матам і дэпартавалі назад у Расію.

Выкраданне актывістаў

Фото из архива. Задержание активистов в Минске
Фота з архівуФото: AP

25 сакавіка актывісты "Маладога фронту" Наста Палажанка і Дзяніс Карноў былі затрыманыя міліцыяй, калі яны сядалі ў таксоўку. Кіроўцу таксі міліцыянты паклалі тварам да зямлі, а актывістаў схапілі. У іх адабралі мабільныя тэлефоны і нацягнулі на галовы чорныя вязаныя шапкі. Палажанку і Карнова змусілі сагнуць галовы ў калені і павезлі ў невядомым кірунку. Праз колькі часу дзяўчыну выкінулі з машыны ў раёне вёскі Тарасава, а юнака давезлі ў раён горада Дзяржынска.

Як распавёў Дзяніс, яго прывезлі ў нейкі лес, паставілі на калені наўпрост у снег і трымалі так каля дваццаці хвілінаў. Пры гэтым у юнака, апроч мабільніка, адабралі ўсе рэчы і грошы. Праз некаторы час Карноў выбраўся з лесу на шашу і папуткамі даехаў да бліжэйшай кавярні, адкуль яго пазней забралі сябры.

Як лічыць кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла, у дзеяннях у дачыненні да моладзевых актывістаў утрымліваюцца прыкметы крымінальнага злачынства - выкраданне людзей, незаконнае пазбаўленне волі, прымяненне сілы. Праваабаронца параіў пацярпелым маладзёнам тэрмінова звярнуцца ў пракуратуру, місію АБСЕ ў Беларусі, а таксама ў камітэт па катаваннях ААН.

З усіх падзеяў апошніх дзён да станоўчых момантаў можна аднесці тое, што Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістравала змены ў статут руху "За свабоду", а таксама тое, што акцыя 25 сакавіка прайшла мірна, без сутыкненняў удзельнікаў з міліцыяй і спецназаўцамі, якіх прывезлі ў сталіцу нават з іншых гарадоў Беларусі.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Марына Нікіціч

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме