Будучыня студэнтаў ЕГУ: Мінск ці Брусель?
2 октября 2009 г.Новаабраны спікер Еўрапарламенту паляк Ежы Бузэк падчас візіту ў Літву сустрэўся са студэнтамі-беларусамі. Візіт супаў у часе з канфліктам у дэпартаменце палітычных навук ЕГУ, выкладчыкі якога абвінавацілі адміністрацыю ў аўтарытарызме і аб’явілі страйк.
Тэма гэтага, паводле рэктара, "штучна раздзьмутага" канфлікту ў час выступу Бузэка не падымалася. Аднак сыход цэлай групы беларускіх выкладчыкаў і замена іх літоўскімі наўрад ці наблізіць ЕГУ да вяртання ў Мінск, пра якое казаў госць з Бруселя.
Прамова да "будучых лідэраў"
Традыцыйна ў выступе высокага госця прагучала думка: "ЕГУ рыхтуе лідэраў для дэмакратычнай Беларусі". Гэтаксама і рэфрэн - калісьці універсітэт вернецца ў Беларусь.
"Спадзяюся на змены ў вашай краіне ў пазітыўным кірунку. І я б хацеў сустрэцца з вамі ў Мінску – адразу, калі гэта будзе магчыма ў будучыні. Цалкам перакананы, што так і будзе", - казаў Ежы Бузэк падчас кароткай лекцыі для беларускага студэнцтва Вільні.
Адміністрацыя аб перспектыве вяртання гаворыць стрымана, бо ніякіх "зменаў у пазітыўным кірунку ў Беларусі" не бачыць. "Тыя выказванні аб вяртанні гучаць досыць доўга, але пакуль тое, што адбываецца ў сферы адукацыі ў Беларусі – баюся, ніякага дачынення да адукацыі ўвогуле не мае. Гэта бяда, гэта праблема, нават няшчасце", - сказаў Deutsche Welle рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў.
Выкладчыкі вяртаюцца ў Менск...
Цалкам імаверна, што добрая частка выкладчыкаў-палітолагаў у Мінск вернецца ўжо ў хуткім часе. Сямёра з іх заявілі аб сыходзе з ЕГУ, калі не будуць перагледжаныя прызначэнні кіраўніцтва праграмы. Палітолаг Дзяніс Мельянцоў абвінаваціў адміністрацыю ў аўтарытарызме, парушэнні акадэмічных свабодаў і дэмакратычных працэдур. Паводле яго, вынікі выбараў, праведзеныя выкладчыкамі, былі проста скасаваныя, і прызначаны чалавек зверху.
Паводле Мельянцова, маладым выкладчыкам-палітолагам не падабаюцца аднабаковыя, закрытыя рашэнні, на якія не можа паўплываць супольнасць выкладчыкаў. Мельянцов дадаў, што працэдуры паводле статуту ЕГУ патрабуюць калектыўнага прыняцця рашэнняў, а бок кіраўніцтва ЕГУ парушае свой уласны статут.
Кіраўніцтва ўсе абвінавачванні абвяргае – паводле афіцыйнай заявы, універсітэт застаецца адданы прынцыпам акадэмічных свабодаў і дэмакратычных каштоўнасцяў. Са словаў Міхайлава, заява выкладчыкаў-палітолагаў – на мяжы абсурду. Рэктар ЕГУ упэвняны, что гэта штучна створаны канфлікт і "гэта бяда – замест таго каб займацца агульнай справай, аб’ядноўваць намаганні, зноў паўстаюць розныя недарэчныя сваркі".
...а студэнтаў запрасілі ў Брусель
Неафіцыйна гаворыцца, што на месцы беларускамоўных выкладчыкаў ужо знойдзеныя літоўскія. Публічна абодва бакі абверглі, што з універсітэта проста была выжытая "нефарматная" беларускамоўная супольнасць.
Пра канфлікты на сустрэчы з Ежы Бузэкам не размаўлялі. Пры канцы дыскусіі ўжо не размаўлялі і пра вяртанне ў Мінск. Вялося пра паездкі ў Брусель.
Спікер Еўрапарламенту правёў кароткае апытанне сярод студэнтаў, хто з іх ужо паспеў пабываць у сталіцы ЕЗ. Усіх, хто не падняў руку, Бузэк сімвалічна запрасіў да сябе ў Брусель, чым выклікаў шчырае захапленне "будучых беларускіх лідэраў".
Аўтар: Вадзім Вілейта, Вільня
Рэдактар: Марына Нікіціч