1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларускія парламентары імкнуцца ў Еўропу

13 ноября 2008 г.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі зацвердзіла склады дэлегацый па супрацоўніцтве з ПА АБСЕ, дэлегацыі парламента Беларусі па ажыццяўленні кантактаў з ПАСЕ, Парламенцкай Асамблеяй НАТО і Паўночным Саветам.

https://p.dw.com/p/FtoE
Фото: AP

Апроч таго, паводле інформагенцыі, сфармавана дэлегацыя па супрацы з Парламенцкай Асамблеяй Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва.

Прадстаўляючы праекты пастановаў аб зацверджанні дэлегацый па супрацы з гэтымі міжпарламенцкімі арганізацыямі, старшыня камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч адзначыў, што “еўрапейскі складнік ёсць важным аспектам дзейнасці беларускага парламента”.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што “праводзіцца курс на прагматычную супрацу з ПА АБСЕ”. Маскевіч таксама адзначыў, што “размарожванне адносінаў з Парламенцкай Асамблеяй Савета Еўропы ёсць найважнейшай задачай на бліжэйшую перспектыву”.

У рэчышчы трэнду

Наколькі шчырымі і паспяховымі могуць быць намеры новага беларускага парламента ў збліжэнні з еўрапейскімі парламенцкімі структурамі, Deutsche Welle пракаментаваў палітолаг Аляксандр Класкоўскі:

“Заявы беларускіх парламентароў ідуць у рэчышчы цяперашняга трэнду палітыкі найвышэйшага кіраўніцтва краіны, а менавіта гэта ўсё тлумачыцца жаданнем нармалізаваць, наладзіць стасункі з Еўропай, таму што, найперш, ціснуць эканамічныя чыннікі, цісне Расія".

Аляксандр Класкоўскі нагадаў, па якой прычыне ў свой час былі замарожаныя гэтыя стасункі.

"Калі, у прыватнасці, беларускі парламент быў пазбаўлены статусу адмыслова запрошанага ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, гэта адбылося ў звязку з рэферэндумам 1996 году, у выніку якога быў распушчаны Вярхоўны Савет 13-га склікання, і адбылася канцэнтрацыя прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Як след, на думку еўрапейцаў, парламент страціў сваё значэнне як самастойная галіна ўлады".

Дэкаратыўныя зрухі

Дзеля таго, каб зараз скрануць гэтыя стасункі з мёртвага пункту, адзначае эксперт, трэба найперш выканаць пэўны мінімум патрабаванняў, якія вылучае Еўропа, у прыватнасці, рэальна ўзмацніць паўнамоцтвы парламента. Аднак у сувязі з тым, што па выніках апошніх парламенцкіх выбараў Палата прадстаўнікоў атрымалася “стэрыльная”, палітолаг ставіць выкананне такога патрабавання пад сумнеў.

"Гэта ўсё будзе залежаць не столькі ад саміх парламентароў, паколькі яны, шчыра кажучы, мала што вырашаюць, колькі ад волі і жадання высокага кіраўніцтва".

Па словах Аляксандра Класкоўскага, "вышэйшае кіраўніцтва будзе старацца калі і зрабіць у гэтым кірунку нейкія зрухі, то мінімальныя, дэкаратыўныя, таму што яно не зацікаўлена рэальна ствараць сабе процівагу ў выглядзе заканадаўчай галіны ўлады”. (гк)

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме