Васіль Быкаў - "сімвал змагання за дэмакратычную будучыню"
20 июня 2024 г.Ён змагаўся ўсё жыццё: падчас Другой сусветнай вайны - супраць захопнікаў, пасля - з савецкай і беларускай цэнзурай. Напрыканцы жыцця апынуўся ў вымушанай палітычнай эміграцыі і вярнуўся дадому літаральна за месяц да смерці. 19 чэрвеня споўнілася 100 год з дня нараджэння Васіля Быкава, бадай, самага вядомага беларускага пісьменніка.
Быкаў сам перакладаў свае творы на рускую мову
Быкаў нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёну Віцебскай вобласці, у сялянскай сям'і. Вучыўся на скульптара ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. Падчас Другой сусветнай у складзе Чырвонай арміі вызваляў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю, быў двойчы паранены.
Вядомасць Быкаву прынеслі аповесці "Трэцяя ракета", "Альпійская балада", "Мёртвым не баліць", "Знак бяды" і іншыя. Яго творы перакладзеныя больш як на 50 моў, прычым большасць перакладаў на рускую мову пісьменнік зрабіў сам.
"Адзін з заходніх крытыкаў назваў сыход Быкава апошнім уздыхам экзістэнцыялізму. Мне ўяўляецца, што гэта метафара не бездакорная, бо свет працягвае чуць магутнае дыханне быкаўскай прозы", - кажа беларускі літаратар, які быў блізка знаёмы з Васілём Быкавым (пажадаў захаваць ананімнасць у мэтах бяспекі. - Рэд.).
Суразмоўца DW не згодны з тымі, хто "адназначна" адносіць Быкава да прадстаўнікоў ваеннай прозы, бо, на яго думку, тэматыка быкаўскіх твораў агульначалавечая, а героі заўсёды трапляюць у сітуацыю адвечнага экзістэнцыяльнага выбару: "захаваць вернасць ідэалам дабрыні ці стаць на бок зла".
"Менавіта гэтая якасць і вылучала Быкава з шэрагу пісьменнікаў на постсавецкай прасторы", - кажа літаратар. - Гэта ж робіць кнігі Быкава сугучнымі "балючаму пульсу сучаснасці".
Першы наднацыянальны пісьменнік
Даследчык беларускай літаратуры, аўтар пʼесы "Васіль Быкаў і яго д’яблы" Васіль Дранько-Майсюк таксама лічыць, што быкаўскія сюжэты можна перанесці на любую вайну ці канфлікт і "нічога не страціцца". Гэта робіць яго першым беларускім "наднацыянальным пісьменнікам".
Дранько-Майсюк адзначае ўплыў на творчасць Быкава Сартра, Камю і іншых экзістынцыялістаў, якія сталі даступныя савецкаму чытачу ў канцы 1950-х гадоў, у часы так званай "адлігі". Паводле даследчыка, пісьменнік адчуваў агульнакультурніцкі ўплыў таго часу, "калі здавалася, што можна пісаць нешта свабоднае". Першым творам, праз які Быкаў "знайшоў сябе", літаратуразнаўца называе апавяданне "Страта" 1956 года.
Дранько-Майсюк кажа, што Быкаў не проста пісаў пра вайну, ён "ствараў экзістэнцыяльныя трагедыі": "Паказваў чалавека ў экстрэмальнай сітуацыі. І ў гэтай сітуацыі кожны праяўляў сябе з нейкай пачварнай нечаканасцю: хтосьці здраджваў, хтосьці забіваў, хтосьці баяўся. І ён першы з беларускіх пісьменнікаў, хто стаў гэта паказваць з нейкай нават кафкіанскай вастрынёй".
Быкава псіхалагічна ламалі
Гэта не заўсёды падабалася савецкім уладам. Па словах Дранько-Майсюка, з 1961 па 1965 год Быкаў "быў у пэўнай апазіцыі", а пасля выхаду аповесці "Мёртвым не баліць" (1965) пісьменніка пачалі "псіхалагічна ламаць". "Білі вокны ў ягоным доме ў Гародні, самога збівалі, у прэсе пачалося шальмаванне. І ён зразумеў, што ў сітуацыі Савецкага Саюзу, трэба ў нейкім плане праяўляць, хаця б крыху, але лаяльнасць, - распавядае даследчык. - З канца 1960-х гадоў і ўсе 1970-я ён вымушаны быў падстройвацца пад савецкую сістэму, каб яго творча не знішчылі".
У сваю чаргу ўладам было важна паказаць, што смелы, свабодалюбівы мастак, якога ўсе ведаюць, супрацоўнічае з імі. Таму ў 1970-я Быкаў апынуўся ў "фармальным фаворы": яму далі Ленінскую прэмію, званне Народнага пісьменніка БССР, дзяржаўную прэмію.
"Але самаму Быкаву ўнутрана гэта вельмі не падабалася, ён разумеў, што яго ламаюць, ён разумеў, што яго паставілі на калені. Ён не мог дараваць гэтай уладзе савецкай, таталітарнай, камуністычнай, што яна з яго здзекуецца, прымусіла яго быць не тым, кім ён хацеў", - кажа Дранько-Майсюк.
"Сімвал змагання за дэмакратычную будучыню"
Таму ў часы перабудовы Быкаў стаў першым з беларускіх пісьменнікаў, хто актыўна выступіў "супраць камуністаў, супраць любой праявы таталітарызму".
"Менавіта тады ён падтрымлівае Беларускі народны фронт і становіцца такім цалкам нацыястваральным творцам, які ўжо нічога не баіцца", - адзначае Дранько-Майсюк.
Васіль Быкаў неаднойчы рэзка крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку, лічыў, што для Беларусі лепш саюз не з Расіяй, а з Захадам. Быкава цкавала дзяржаўная прэса, цэнзура забараняла выхад яго новых твораў.
З 1998 года пісьменнік жыў за мяжой у палітычнай эміграцыі: у Фінляндыі, Германіі, Чэхіі. Вярнуўся ў Беларусь за месяц да смерці.
"Для мяне ён быў, можна сказаць, адным з увасабленняў нацыянальнага адраджэння Беларусі, сімвалам змагання за дэмакратычную будучыню", - кажа беларускі літаратар, які быў блізка знаёмы з Васілём Быкавым.
Быкава не стала 22 чэрвеня 2003 года. Развітацца з пісьменнікам у Мінску прыйшлі дзясяткі тысяч людзей.
"У нашых размовах Быкаў не раз казаў, што яму блізкі экзістэнцыялізм, асабліва раман Альбера Камю "Чума". Як вядома, у адрозненні ад французскага калегі, Быкаў не стаў нобелеўскім лаўрэатам. Думаю, калі б лёс даў яму больш доўгае крыху жыццё, то, можа быць, гэта б і здзейснілася", - кажа ананімны суразмоўца DW.