1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Так гартуецца сталь. Лявон Вольскі - пра гурт Tor Band

 Лявон Вольскі
Лявон Вольскі
25 января 2023 г.

Знакаміты беларускі музыка ў калёнцы для DW разважае пра сітуацыю з гуртом, які ўлада абвесьціла экстрэмісцкім фармаваньнем.

https://p.dw.com/p/4MeFW
Пратэстныя плякаты ў Беларусі, жнівень 2020-га
Пратэстныя плякаты ў Беларусі, жнівень 2020-гаФото: Sergei Gapon/AFP/Getty Images

Адмыслова для рубрыкі DW "Беларусь. Перспектывы" Лявон Вольскі напісаў пра беларускі рок і пра тое, як улада сваімі рукамі стварае новых герояў, якім будзе верыць народ. Абмеркаваць яго развагі можна пад адпаведным пастом у Telegram-канале "DW Беларусь".

Рок-гурт - гэта рамантыка. Гэта аб’яднаньне аднадумцаў. Ты лічыш сябе бунтаром, змагаром з клішэ ды штампамі, зрынальнікам заімшэлых помнікаў, ламальнікам стэрэатыпаў. Табе блізкія ідэі анархізму, ты ня любіш дзяржаву. Вакол цябе такія самыя апантаныя хлопцы. Вы пачуваецеся партызанскім атрадам ці то камандай карсараў, ці анарха-сындыкатам. Вы адрозьніваецеся ад шэрага натоўпу пакорлівых падпарадкаваных людзей - сваім выглядам (вопраткай, пірсынгам, тату, даўжынёй валасоў ці барады, запаленымі вачыма), сваімі вольнымі паводзінамі, сваёй моваю. 

 Лявон Вольскі
Лявон ВольскіФото: Privat

Рок-музыкі ва ўсім сьвеце падобныя. Яны заўжды з чымсьці змагаюцца - нават у спакойных камфортных краінах знаходзяць з чым. Што ўжо казаць пра Беларусь! Тут для змаганьня мільён нагодаў! Тэмы літаральна валяюцца пад нагамі. А яшчэ калі ты ў сваім змаганьні трапляеш у мэйнстрым і разумееш, што твае йдэі блізкія дзясяткам (можа, і сотням) тысячаў людзей! Ты разумееш, што гэта можа быць не зусім бясьпечна, але спыніцца - значыцца здрадзіць сабе і сваім слухачам.

Чорны сьпіс

У адзін прыўкрасны дзень ты даведваесься пра тое, што твой рок-гурт патрапіў у чорны сьпіс. Ты адлучаны ад дзяржаўнай прэсы, цябе не запрашаюць на радыё і тэлевізію, FM-каналы таксама ігнаруюць цябе (ім апэратыўна даслалі сьпіс непажаданых выканаўцаў), недзяржаўныя канцэртовыя пляцоўкі па інэрцыі спрабуюць з табой супрацоўнічаць, але ім тэлефануюць з "кампэтэнтных" ворганаў і настойліва рэкамэндуюць гэтым не займацца. У выпадку непадпарадкаваньня ў "няправільны" клюб прыходзіць кампэтэнтная камісія - санстанцыя, пажарнікі, падатковая інспэкцыя - і знаходзяць там процьму парушэньняў. На першы раз абмяжоўваюцца гіганцкім штрафам, а, маўляў, калі такое паўторыцца, дык пазбавіцеся ліцэнзіі, і давядзецца зачыняцца. А зачыняцца ніхто ня хоча. І вось так цягнуцца гады - ты забаронены, граеш адно маленькія падпольныя канцэрцікі. Альбо вялікія, але за мяжой. А дзяржава цынічна й крывадушна адмаўляе існаваньне гэтых чорных сьпісаў і забаронаў. Маўляў, што вы, у нас свабодная краіна, не прыдумляйце лухту! Гэта афіцыйна. А неафіцыйна працягвае цябе забараняць - адмысловыя людзі адсочваюць тваю актыўнасьць на радзіме, каб, крый Божа, ты не зайграў якісьці бадзёры сэт у кавярні, бары ці рэстарацыі! Пільнуюць.

Усё гэта ціха робіцца "паводле няпісаных правілаў", негалосна. Як казаў калісьці лідэр: "зрэдчасу не да законаў". Як высьветлілася, ня зрэдчасу, а ў большасьці выпадкаў.

"Вось яны, а вось мы"

Так было раней, да пераломнага 2020-га. Гэты год паставіў усё на свае мейсцы - "вось яны, а вось мы", як у вершы Бахарэвіча. Музыкі актыўна ўцягнуліся ў рэвалюцыйны працэс - падтрымлівалі народ, гралі на мітынгах, у гарадзкіх дварах. Хутка ўлада зразумела, што музыка кансалідуе і мабілізуе, і змаганьне з гэтай музыкай перайшло ў іншую фазу. Артыстаў пачалі саджаць. Напачатку гэта былі суткі - за выступ на мітынгу, за дваровы канцэрт, потым пачалі даваць гады.

"Вольны хор" у Боне
"Вольны хор" у БонеФото: Michael Staab/Beethovenfest

Ва ўсёй гэтай рэвалюцыйнай мітусьні, у гэтым кіпені, узьнікла новае імя - Tor Band. Хлопцы зь невялікага паўднёвага гораду раптам уварваліся ў інтэрнэт з простымі, сумленнымі і бескампраміснымі песьнямі. Тэмы гэтых песень былі блізкія кожнаму, хто прагнуў зьмены ўлады ў краіне (а гэта, бадай, былі мільёны). Стыль выкананьня быў просты і востры, як сякера - мэлядовы хэві-рок. Каб у краіне былі сапраўдныя чарты, дык Tor Band заняў бы са сваімі песьнямі першыя тры радкі хіт-параду. 

Пасьля тых падзеяў процьма музыкаў зьехала зь Беларусі. Бо кожны нейкім чынам спрычыніўся да пратэстаў, а помсьлівая ўлада паабяцала знайсьці і пакараць кожнага. А яшчэ таму, што пакуль існуе гэтая ўлада, канцэртаў на радзіме ня будзе. Бо забаронная схема даўно адпрацаваная. 

Беларускія музыкі спрабуюць рэалізавацца за мяжою. З розным посьпехам, як гэта заўжды бывае.

Найлепшае прызнаньне заслугаў

Tor Band застаўся. Яны нікуды не паехалі са свайго невялікага паўднёвага горада.

І, натуральна, у рэшце рэшт па іх прыйшлі. Спачатку інкрымінавалі ўдзел у пратэстах, а потым прыйшла вестка: гурт Tor Band афіцыйна абвешчаны "экстрэмісцкім фармаваньнем". Гэта першы выпадак у беларускай (відаць, і эўрапейскай) гісторыі, калі гурту проста за творчасьць - за музыку і словы навешваюць на грудзі гэтую рэгалію - "экстрэмісцкае фармаваньне"! Атрымаць ад іржавай неразумнай дзяржавы, ад якой на тысячы кілямэтраў тхне балотам, такое ганаровае званьне - гэта найлепшае прызнаньне тваіх заслугаў!

Кветкі
Рубрыка "Беларусь. Перспектывы" дае магчымасць беларусам выказаць свае думкi на старонках DWФото: DW

Памятаеце, з чаго ўсё пачыналася? Рок-гурт - гэта рамантыка, гэта бунт, гэта ломка заімшэлых стэрэатыпаў… Але усё адно, гэта крыху падавалася нейкай, хоць небясьпечнай, але гульнёю. А цяпер цябе на дзяржаўным узроўні за тваю музыку, за твае вершы прызнаюць небясьпечным для ўлады экстрэмістам! Каб гэта ўсё яшчэ не было зьвязана са звыклай савецка-беларускай схемай - турмой, зьдзекамі, допытамі і іншымі атрыбутамі сталінізму. Калі разам з табою, каб, калі што, паўзьдзейнічаць на цябе, забіраюць і тваю жонку. У дадзеным выпадку адбылося менавіта так.

Але неразумная ўлада да канца не ведае, што робіць. Яна сваімі рукамі стварае новых герояў, якім будзе верыць народ. 

Так гартуецца сталь.

Аўтар: Лявон Вольскі - беларускі музыка і сьпявак, літаратар, мастак. Заснавальнік і ўдзельнік гуртоў "Мроя", N.R.M., "Крамбамбуля" і Zet, удзельнік культавых праектаў "Народны Альбом" і "Я нарадзіўся тут".  

Каментар выказвае асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі і Deutsche Welle ў цэлым

Глядзіце таксама:

Белорусская группа NaviBand в Дюссельдорфе: репортаж DW

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще