1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Рэжысёр Аляксей Палуян пра кіно і віну свайго пакалення

12 марта 2024 г.

Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян распавёў у інтэрв'ю DW пра сваё дзяцінства, працу над фільмамі і адчуванне адрыву ад Беларусі.

https://p.dw.com/p/4dOoS
Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян падчас інтэрв'ю з DW
Беларускі рэжысёр Аляксей ПалуянФото: DW

Аляксей Палуян пакінуў стабільную працу ў беларускім "айці" і з'ехаў у Нямеччыну вучыцца рэжысуры. Яго кароткі метр "Возера радасці" атрымаў шматлікія міжнародныя ўзнагароды, а першы дакументальны фільм "Смеласць" пра беларускія пратэсты 2020 года дайшоў да кінафестывалю Берлінале.

DW сустрэлася з рэжысёрам у Берліне і паразмаўляла з ім не толькі пра кіно. Чаму Аляксей страціў кантакт з Насцяй Пляц, якая сыграла сірату ў "Возеры радасці", які фільм лічыць галоўным у сваёй кар'еры і як ва Украіне рэагавалі на фільм пра беларускія пратэсты - у інтэрв'ю DW.

Deutsche Welle: Аляксей, над чым вы працуеце цяпер?

Аляксей Палуян: Я працую ўжо больш за тры гады над мастацкім праектам, працоўная назва - "Спадчына". Гэта фільм пра аднаго незалежнага мастака, бацька якога працуе ў сістэме. Гэты фільм не толькі пра Беларусь, але таксама пра Украіну. То бок фільм пра трансфармацыю мастака, які з пацыфіста становіцца чалавекам, які гатовы ўзяць зброю.

- Вы выраслі і нарадзіліся ў Баранавічах. Якім было вашае дзяцінства?

- Я бачу сваё дзяцінства вельмі шчаслівым. Я лічу, што мяне любілі ў дзяцінстве мае бацькі. Я вырас у поўнай сям'і, у мяне ёсць старэйшая сястра. Я правёў шмат часу ў тады яшчэ піянерскіх лагерах. Таксама шмат часу праводзіў у вёсцы ў Ляхавіцкім раёне, там я здымаў свае фільмы "Возера радасці" і "Край жанчын". І я заўсёды з вялікай радасцю вяртаюся да свайго дзяцінства. Мне пашанцавала, што ў мяне было шчаслівае дзяцінства без нейкіх траўм, без цяжкіх гісторый.

- Які ўплыў у вашым палітычным фармаванні на вас аказалі вашыя бацькі?

- Я не магу сказаць, што яны аказалі нейкі вялікі ўплыў. Адзінае, што я памятаю, што ў нас у кватэры заўжды была "Народная воля" (незалежная газета, якая выходзіла з 1995 года. - Рэд.). То бок гэта сярэдзіна-канец 90-ых, бацька чытаў заўсёды. І я часам малым падбягаў, браў яе. І я выдатна памятаю выпуск 99-га года, калі зніклі і - трэба казаць шчыра - былі забітыя палітыкі (гаворка пра палітыкаў Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. - Рэд.). І я памятаю тую цішыню дома, калі ўсе ўсё разумелі, але ўсё роўна была такая недаказанасць.

- Хацела б паразмаўляць пра фільм "Возера радасці". Вы шукалі галоўную гераіню сярод дзяцей, якія самі сіроты. Чаму гэта было так важна?

- Гэта відавочна, бо мой бацька - сірата. І для мяне вельмі важна ў кіно перадаць максімальную аўтэнтыку. Актор - гэта таксама сродак, калі так брутальна казаць, каб перадаць аўтэнтыку, перадаць думку аўтара праз свае механізмы аўтэнтычныя. А як гэта зрабіць у выпадку 7-гадовага дзіця? Дзіцё не можа сыграць сірату, бо дзіцё, якое не было ў інтэрнаце, не разумее, што такое інтэрнат, яно не разумее, што такое - чакаць. Для мяне было важна, што гэтую ролю пражыве дзяўчынка, якая ведае, што такое чакаць, губляць, спадзявацца і ўсё роўна чакаць (галоўную ролю ў фільме "Возера радасці" сыграла сірата Насця Пляц. - Рэд.). Я нават не абмяркоўваў іншы варыянт.

Кадр з фільма Аляксея Палуяна "Возера радасці"
Кадр з фільма "Возера радасці"Фото: Aliaksei Paluyan

Я доўга не мог знайсці маю Ясю, маю гераіню. І мы паехалі ў Магілёўскую вёску, гэта не дзяржаўны інтэрнат (Насця выхоўваецца ў "SOS - Дзіцячай вёсцы Магілёў". - Рэд.). Там іншыя ўмовы, было заўважна, што дзеткі крыху больш свабодна сябе адчуваюць. І там я пабачыў дзяўчынку, якая стаяла ў кутку і назірала за іншымі дзеткамі, якія вельмі стараліся (спадабацца. - Рэд.). І я пабачыў яе вочы - гэта былі вочы маленькага ваўчаняці, якое назірае за табой, а ты назіраеш за ёй. І гэты быў той "мэтч", калі я зразумеў, што гэта - Яся.

- Вы падтрымліваеце нейкі кантакт з Насцяй?

- На жаль, не. Шэраг ідэалагічных абставін паўплывалі на мае адносіны з яе выхавальніцай, і я згубіў кантакт. Я перапісваўся з Насцяй, але цяпер ужо некалькі гадоў я не ведаю, як яе справы. Але я думаю, што мы яшчэ знойдзем кантакт.

- Вы атрымалі вельмі шмат прэмій за "Возера радасці". А незалежна ад узнагарод - які фільм вы лічыце самым галоўным у вашай кар'еры?

- "Смеласць". Таму што гэта першы доўгі метр. Доўгі метр - гэта іншая ліга, іншы рытм, іншы тэмп расказу гісторыі. Кошт гэтага фільма вельмі высокі. І яго вельмі доўга здымалі - з канца 2018 па верасень 2020 года. Людзі, з якімі я здымаў, мелі наступствы пасля гэтага фільма, і я не магу вярнуцца на радзіму - гэта таксама кажа пра кошт, які я ўклаў у гэты фільм. Мае героі - я іх вельмі люблю, гэта вельмі шчырыя людзі: Дзяніс, Павал, Марына (акторы Дзяніс Тарасенка, Павал Гарадніцкі, Марына Якубовіч. - Рэд.). Яны дазволілі мне зайсці з камерай у іх жыццё, не кожны чалавек на гэта гатовы.

Для мяне гэты быў крок наперад - праз мастакоў распавесці трагедыю маёй краіны. Я лічу, гэта вельмі цікавая форма, і я вельмі рады, што зрабіў гэты фільм.

- Чаму вам было важна менавіта праз людзей мастацтва распавесці пра палітыку? Гэта, напэўна, не вельмі відавочны падыход...

- Таму што я сам мастак. Мяне цікавяць гэтыя людзі: як яны думаюць, як жывуць, якія ў іх страхі і складанасці. Ды я і не пра палітыку здымаў, я здымаў пра маё пакаленне і працягваю гэта рабіць. І наступны фільм будзе пра маё пакаленне. Толькі гэтае пакаленне ўжо альбо сядзіць у турме, альбо з'ехала за мяжу, альбо на фронце памірае за ўкраінскую і беларускую свабоду.

- А якая ў вашага пакалення асноўная рыса ці, мабыць, траўма?

- Мне падаецца, пачуццё віны за тое, што не атрымалася ў 2020 годзе. Я кажу пра тых, з кім я зараз у кантакце. І хлопцы, якія зараз на фронце, у іх вось гэта характэрна. Я не хачу казаць за ўсіх, у мяне няма такога вялікага пачуцця віны, таму што калі ты знаходзішся ў Беларусі падчас пратэстаў і бачыш, што там атрымалася, і разумееш, што ты там сябе абараніць не можаш, пра якую тут зброю гутарка? Але ў шмат каго ёсць гэтае пачуццё.

Плакат з фільма Аляксея Палуяна "Смеласць"
Плакат з фільма "Смеласць"Фото: Living Pictures Production

- А гэтая віна - яна перад кім?

- Хутчэй перад самім сабой. Я раскажу гісторыю вам: я быў ва Украіне, паказваў свой фільм. У Кіеве на паказ прыйшлі хлопцы з Палка Каліноўскага, і пасля фільму ўстаў адзін мужчына, сказаў свой пазыўны. І сказаў, што яму 53 гады, і ён хоча выбачыцца перад мной і іншымі маладымі людзьмі, што яго пакаленне нічога не зрабіла з тым, што адбываецца ў нашай краіне. І таму маладое пакаленне мусіла ўцячы ва Украіну, узяць зброю і змагацца з гэтым. І калі я гэта чуў, у мяне пайшлі дрыжыкі: гэта менавіта тая тэма, пра якую я зараз раблю фільм, гэта тая спадчына, якую мы атрымалі.

- У вас атрымалася зразумець рэакцыю ўкраінцаў на фільм?

- Галоўная рэакцыя была - як мала мы ведаем адно пра аднаго. Як мала ўкраінцы ведаюць пра Беларусь, і пра пратэсты 2020 года і пра наш шлях. І мы вельмі мала ведаем пра Украіну, хаця мы настолькі блізкія, відаць, самыя блізкія культуры, якія ёсць.

- Ці ёсць у вас адчуванне адрыву ад Беларусі і беларускага грамадства з-за эміграцыі?

- Цяжка сказаць, я ўжо тры гады не быў у Беларусі. Я магу зразумець страхі беларускага грамадства, магу зразумець запыты, але вось нерв, які патрабуецца для дакументалістыкі, - не. Таму я і не здымаю зараз дакументальнае кіно, таму што я не магу адчуць нерв, не знаходзячыся там.

- У рэжысёраў часта бывае прадчуванне таго, што будзе ў будучыні. У вас так здарылася з фільмам "Смеласць": вы пачалі здымаць у 2018 годзе і казалі, што прадчувалі нешта такое, таму падзеі 2020 года вас не здзівілі. Ці ёсць у вас цяпер прадчуванне будучыні Беларусі?

- У мяне ёсць прадчуванне чагосьці вельмі нядобрага. Тое, што зараз адбываецца ў свеце - і тут не толькі пра Беларусь і Украіну - тое, што адбываецца ў Газе зараз, - гэта цемра. І я вельмі турбуюся, што будзе наперадзе. Прадчуванне нешта не вельмі добрае.

Смотрите также:

Шеметовец: Умирать за Лукашенко у силовиков желания нет

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще