1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Паўла Белавуса вінавацяць у дзяржздрадзе. Што вядома?

28 августа 2022 г.

У Беларусі завялі чарговую крымінальную справу аб здрадзе дзяржаве – супраць культурніцкага менеджара, стваральніка крамы нацыянальнай сімволікі Symbal.by Паўла Белавуса. Што пра гэта вядома?

https://p.dw.com/p/4G2KQ
Павел Белавус да арышту
Павел Белавус да арыштуФото: DW/A. Boguslawakaja

На палітзняволенага культурніцкага менеджара, стваральніка крамы Symbal.by Паўла Белавуса завялі новую крымінальную справу – аб здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Пра гэта днямі паведаміў адзін з праўладных Telegram-каналаў. Белавусу можа пагражаць да 15 гадоў зняволення. Таксама яго абвінавачваюць у парушэнні грамадскага парадку і стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Як арт-менеджар, які прапагандаваў беларускую культуру, ператварыўся ў "здрадніка", і чаму не спыняецца пераслед у беларускім культурніцкім асяроддзі?

Чым вядомы Павел Белавус?

Павел Белавус – культурніцкі менеджар, заснавальнік і былы дырэктар пляцоўкі "Арт Сядзіба", стваральнік крамы нацыянальнай сімволікі і сувеніраў Symbal.by, адзін з арганізатараў святкавання 100-годдзя абвяшчэння БНР у Менску ў 2018 годзе. Таксама Белавус запусціў грамадскую кампанію "Годна", якая вывучае і прасоўвае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі і дае магчымасць моладзі ствараць культурніцкія і гістарычныя праекты.

Летам 2020 года створаная Белавусам крама Symbal.by стала адным з сімвалаў пратэсту і салідарнасці беларусаў. Крама прапаноўвала цішоткі з надпісам "ПСІХОЗ%", які адсылае да выказвання Аляксандра Лукашэнкі пра "каранавірусны псіхоз" і рэйтынгу Лукашэнкі, што, як сцвярджалі яго апаненты, напярэдадні выбараў 2020 быў роўны 3%.

З-за гэтай прадукцыі ў Symbal.by пачаліся шматлікія праверкі. У выніку краме давялося аб'явіць пра прыпыненне працы, а пакупнікоў, якія ў апошнія дні працы прыйшлі падтрымаць Symbal.by, жорстка разагналі сілавікі.

Людзі стаяць у чарзе ля крамы Symbal.by (фота з архіву)
Чарга ля крамы Symbal.by (фота з архіву)Фото: DW/A. Boguslawakaja

Нейкі час Symbal.by працаваў онлайн, але 30 студзеня 2021 года ў офіс крамы прыйшла міліцыя. Сілавікі забралі ўсю тэхніку, дакументы і прадукцыю, тады ж затрымалі і чацвёра супрацоўнікаў – ім прысудзілі па 15-20 сутак адміністратыўнага арышту. Пасля гэтага Symbal.by канчаткова спыніў працу ў Беларусі.

"Прапагандаваў ідэю польскага свету"

Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада 2021 года. Яго тройчы судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў (на 15, 13 і 7 содняў), пасля Белавусу выставілі абвінавачванні паводле крымінальнай справы аб удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).

У чэрвені 2022 года з аднаго з праўладных Telegram-каналаў стала вядома, што стваральніка Symbal.by таксама абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-1 КК). Аўтары канала сцвярджалі, што "дзейнасць Белавуса каля 10 гадоў фінансавалася арганізацыямі з Польшчы, Чэхіі і ЗША". 

У жніўні таксама праўладны Telegram-канал паведаміў пра чарговае абвінавачванне, высунутае Паўлу Белавусу, – аб здрадзе дзяржаве (арт. 356 КК). Адзначалася, што быццам бы ён "прапагандаваў ідэю польскага свету" і ў 2020 годзе "дапамагаў каардынаваць дзейнасць, накіраваную на гвалтоўны захоп улады".

Беларускія ўлады прызналі "экстрэмісцкімі" сацсеткі Symbal.by, грамадскай кампаніі "Годна" і нават старонку, прысвечаную святкаванню 100-годдзя БНР.

Улады помсцяць Белавусу за яго актыўную дзейнасць?

"Абсалютна не зразумела, якой логікай кіруюцца ўлады, наколькі мы разумеем, усе артыкулы, якія "вешаюць" на Паўла, не звязаныя з дзейнасцю Symbal.by. У канале, адкуль і з’явілася інфармацыя пра артыкул аб здрадзе дзяржаве, напісана, што Павел быццам бы займаўся "прапагандай ідэяў польскага свету". Магчыма, гэтая справа можа быць уплеценая ў антыпольскую кампанію, якую зараз актыўна праводзяць беларускія ўлады», – пракаментавалі новыя абвінавачванні, высунутыя Белавусу, у кампаніі Symbal.by, якая цяпер знаходзіцца і працуе ў грузінскім Батумі.

Таксама, паводле суразмоўцаў DW, цяпер да Паўла Белавуса ў СІЗА даходзяць лісты толькі ад родных. "Наколькі нам вядома, настрой у яго бадзёры, але сітуацыя развіваецца далёка не ў лепшы бок, дадаюць артыкул за артыкулам, – адзначылі ў Symbal. by. – Зараз у Беларусі змаганне ідзе не толькі з тымі, хто нейкім чынам уступае ў канфрантацыю з уладай, а нават з тымі, хто займаецца прапагандай беларускай мовы і культуры, ідэй незалежнасці".

Цішотка з надпісам "ПСІХОЗ%"
Крама Symbal.by прапаноўвала цішоткі з надпісам "ПСІХОЗ%"Фото: Pawel Belous

У сваю чаргу кіраўнік Беларускай рады культуры (БРК) Сяргей Будкін перакананы, што ўлады помсцяць Белавусу за яго актыўную дзейнасць. "Ён з невялікай камандай зрабіў столькі, колькі цэлая інстытуцыя за дзесяць год не зробіць. Гэта прыклад выдатнага бізнесу, прычым зробленага цалкам на беларускай глебе, выдатнай камунікацыі з чыноўнікамі розных рангаў і прадпрымальнікамі. Можна ўявіць, чаго б дасягнуў гэты чалавек у цывілізаванай еўрапейскай краіне, але замест гэтага ён сядзіць у турме. Новыя артыкулы яму прад’яўляюць, відавочна, каб яго зламаць, але Паша мае моцны ўнутраны стрыжань", – адзначае суразмоўца. Кіраўнік БРК таксама дадаў, што, нават ведаючы, што яму пагражае арышт, Белавус не толькі заставаўся ў Беларусі, але і працягваў рабіць культурніцкія праекты: "Ён быў гатовы да затрымання ў любую секунду, але да гэтага хацеў зрабіць як мага болей".

Пераслед у сферы культуры працягваецца

У цэлым, паводле Будкіна, рэпрэсіі ў адносінах да дзеячаў беларускай культуры не спыняюцца. З 2 жніўня за кратамі застаецца журналіст і краязнаўца Ігар Хмара. Яго затрымалі пасля выправы па Менску. Сукамернік Хмары, які знаходзіўся з ім у ізалятары, распавёў праваабаронцам, што Ігара затрымалі за тое, што ён размаўляў на вуліцы на беларускай мове. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гэта не адзінкавы выпадак, калі людзей затрымлівалі за размовы па-беларуску на вуліцы.

"Назіраю, як здзіўляе людзей, што за беларускую мову затрымліваюць, але ж рэжым паслядоўна гэта рабіў з сярэдзіны 1990-х. Відавочны пераслед за беларускую мову, я з гэтым сутыкаўся асабіста: факта выкарыстання беларускай мовы было дастаткова, каб, як мінімум, прыцягнуць увагу міліцыі ці амапа для праверкі дакументаў. Вядомыя і неаднаразовыя факты затрыманняў за беларускую мову", – пракаментаваў Сяргей Будкін.

Будкін прыводзіць і іншыя прыклады рэпрэсій у адносінах да прадстаўнікоў культуры: масавыя палітычна матываваныя звальненні працягваюцца на "Беларусьфільме", дзе на пасаду намесніка дырэктара прызначылі супрацоўніка КДБ; у Менску за вулічныя канцэрты затрымліваюць музыкаў; вядома пра выпадкі затрымання дызайнераў і мастакоў.

Нямецкі акцёр: Нельга асуджаць беларусаў