Палітвязынкі - жанчыны ў беларускіх турмах
Фотагалерэя DW - пра жанчын, якія трапілі ў турму праз свае палітычныя погляды. Іх гісторыі і партрэты стварае праект "Палітвязынка".
Жанчыны-палітвязні
У Беларусі 209 жанчын знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі з палітычных прычынаў (звесткі на снежань 2022 года). Некаторыя з іх афіцыйна пакуль не прызнаныя палітзняволенымі, гэты працэс займае час. Частка палітзняволеных жанчын ужо цалкам адбыла свой тэрмін і выйшла на волю, некалькіх вызвалілі па амністыі.
Самы вялікі прысуд
Самы вялікі тэрмін сярод палітзняволеных жанчын атрымала Вольга Маёрава - 20 гадоў пазбаўлення волі. Вольгу затрымалі 4 студзеня 2021 года па гэтак званай "справе Аўтуховіча". Яе судзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх "Замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам". Яна знаходзіцца ў спісе "тэрарыстаў" і не можа атрымліваць у турме грашовыя пераводы.
Без узроставых абмежаванняў
Наймалодшай з палітзняволеных на момант затрымання было 18 гадоў. Гэта Віталія Бандарэнка з Берасця. Яе судзілі за ўдзел у масавых беспарадках, вынік - чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Адна ж з найстарэйшых палітзняволеных - Эма Сцепулёнак, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Мёраў. На момант затрымання ёй было 67 гадоў.
Жаночыя калоніі
Усяго ў Беларусі дзве жаночыя калоніі: гомельская калонія № 4 і калонія № 24 у Гомельскай вобласці. У апошнюю звычайна дасылаюць тых, хто адбывае ўжо не першы тэрмін. Жанчынам у Беларусі не прысуджаюць смяротнае пакаранне або пажыццёвае зняволенне. Максімальны тэрмін - 25 гадоў.
Вяселле за кратамі
Яна Арабейка была першай палітзняволенай, якая выйшла замуж у калоніі. Яна праходзіла па "справе студэнтаў". Ёй, як і амаль усім асуджаным у гэтай справе, далі два з паловай гады. Ужо ў зняволенні Яна атрымала прапанову ад свайго хлопца Валерыя Таміліна, з якім пазнаёмілася летам 2020 года. Вяселле адбылося ў гомельскай калоніі 27 студзеня 2022 года. Валерый узяў прозвішча жонкі.
Праца ў калоніях
У калоніях жанчынам часцяком даводзіцца шыць форму для сілавікоў. Сярод тых, хто адмовіўся гэта рабіць, - журналістка Вольга Класкоўская. За гэта яе неаднаразова змяшалі ў карцар і памяшканне камернага тыпу. Паводле словаў Вольгі, падчас затрымання яе моцна збівалі, пасля чаго ў яе дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму і страсенне мозгу. Таксама ёй некалькі разоў пагражалі расстрэлам.
Viva Maria
Адна з найвядомейшых палітвязынак - Марыя Калеснікава. Ёй прысудзілі 11 гадоў пазбаўлення волі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Апроч таго, яна знаходзіцца ў спісе "тэрарыстаў". У лістападзе 2022 года Марыі зрабілі аперацыю з прычыны прабадной язвы і перытаніту. "Хросная" Марыі - віцэ-спікерка нямецкага бундэстагу Клаўдзія Рот.
Прысуд - псіхіятрычны шпіталь
Марыя Успенская - удава Андрэя Зэльцэра, якога сілавікі забілі падчас перастрэлкі ў ягонай кватэры. Марыю затрымалі па падазрэнні ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ. Праз некалькі месяцаў высветлілася, што жанчыну на тры тыдні дасылалі ў Навінкі на псіхіятрычную экспертызу. Пазней, згодна з пастановай суда, яе прымусова накіравалі на бестэрміновае лячэнне ў псіхіятрычны шпіталь.
Шантаж дзецьмі
Нярэдка зняволеным жанчынам пагражаюць тым, што адбяруць у іх дзяцей. Антаніну Канавалаву, давераную асобу Святланы Ціханоўскай, затрымалі ў верасні 2020 года. Пазней арыштавалі і ейнага мужа, Сяргея Ярашэвіча. Маці Антаніны, Ганна Канавалава, з’ехала з двума малалетнімі ўнукамі ў Варшаву, дзе жыве і сёння. Антаніне прысудзілі пяць з паловай гадоў агульнага рэжыму.
Былая палітзняволеная ў кабінеце Ціханоўскай
Вольга Гарбунова - першая палітзняволеная, якая ўвайшла ў Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі. Святлана Ціханоўская прызначыла Вольгу прадстаўніцай у сацыяльных пытаннях. Адзін з кірункаў яе дзейнасці - дапамога палітвязням і іх сем'ям. У траўні 2022 года Вользе прысудзілі тры гады "хатняй хіміі" нібыта за арганізацыю жаночых маршаў у 2020 годзе. Пасля прысуду яна здолела з'ехаць з Беларусі.
Палітвязынка
Палітвязынка - так называецца ініцыятыва, закліканая дапамагаць жанчынам у зняволенні, а таксама тым з іх, хто ўжо выйшаў на волю. Журналістка Яўгенія Доўгая і мастачка Ганна Татур публікуюць партрэты і гісторыі палітзняволеных жанчын. "Унёсак жанчын у барацьбу з дыктатурай не асабліва бачны," - лічыць Яўгенія.