1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Смяротнае пакаранне ў Беларусi: інтэрв'ю з праваабаронцам

10 октября 2023 г.

10 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. DW паразмаўляла з Андрэем Палудай, каардынатарам кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".

https://p.dw.com/p/4XM2m
СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску
Смяротныя прысуды прыводзяцца ў выкананне на "Валадарцы"Фото: Christian Thiele/dpa/picture alliance

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. У 2022 годзе ў сілу ўступілі папраўкі ў Крымінальны кодэкс, паводле якіх смяротнае пакаранне можа быць прысуджана не толькі за само злачынства, але і за замах на ўчыненне злачынстваў. А ў 2023 годзе закон дапоўнілі фармулёўкай, якая прадугледжвае смяротнае пакаранне для чыноўнікаў і ваеннаслужачых за дзяржзраду.

Савет Еўропы, Еўразвяз, АБСЕ, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі Мінск увесці мараторый на смяротнае пакаранне з далейшай яго адменай. На думку праваабаронцаў, такая правапрымяняльная практыка карае не толькі тых, хто ўчыніў злачынства, але і іх сем'і. Пра апошнія выпадкі вынясення смяротных прысудаў у Беларусі, закрытасць інфармацыі і памілаванне DW паразмаўляла з Андрэем Палудай, каардынатарам кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".

DW: Які апошні выпадак смяротнага пакарання ў Беларусі вядомы праваабаронцам?

Андрэй Палуда: Смяротнае пакаранне ў Беларусі заўсёды заставалася пад завесай сакрэтнасці, тым больш цяпер. Мы можам нават не ведаць, што такія выпадкі проста існуюць. Напачатку гэтага года мы даведаліся, што летась быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у адносінах да Віктара Скрундзіка. Даведаліся дастаткова ўскосна: праз тое, што да сваякоў Віктара прыйшлі запыты з дзяржаўных органах аб кампенсацыі пэўных выдаткаў. Сваякі нават не ведалі, што смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне. За апошні час мы не ведаем такіх выпадкаў, але нельга сцвярджаць, што іх няма.

Андрэй Палуда
Андрэй ПалудаФото: privat

Праваабаронцы заўсёды казалі, што смяротнае пакаранне датычыць усяго грамадства, што гэта лакмусавая паперка стану правоў чалавека ў нашай краіне. Нам казалі, што гэтая праблема датычна толькі тых людзей, хто здзейсніў забойства, або іхных сваякоў. Мы бачым, што вельмі хутка гэта пачынае датычыцца шмат каго праз змены ў заканадаўстве.

Таксама мы казалі і крычалі пра жахлівыя ўмовы ўтрымання ў турмах, ізалятарах, на тым жа Акрэсціна. У 2020 годзе аказалася, што гэта датычыць вельмі шмат каго. Гэта яскравы прыклад таго, наколькі важна звяртаць увагу на гэтыя тэмы і праблемы.

Спадчына савецкіх часоў

- Чаму інфармацыя пра смяротнае пакаранне застаецца закрытай?

- Гэта было заўсёды, гэта спадчына савецкіх часоў. За савецкім часам гэта было звязана ў першую чаргу з тым, каб не паказваць маштабы рэпрэсій. Сама сістэма прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў перакачавала з Савецкага саюзу ў Беларусь фактычна без зменаў: расстрэл, нявыдача цел сваякам, адсутнасць інфармацыі пра месца пахавання і час прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду.

- Колькі ўсяго смяротных прысудаў было вынесена ў Беларусі?

- Пэўны час гэтая статыстыка не зʼяўлялася закрытай, больш закрытай была інфармацыя пра колькасць смяротных прысудаў, прыведзеных у выкананне. Але вельмі часта дзяржаўныя чыноўнікі выступаючы называлі розныя лічбы: Вярхоўны суд - адну лічбу, пракуратура - іншую. З часу атрымання незалежнасці было прыведзена ў выкананне каля 400 смяротных прысудаў.

Калі мы атрымалі незалежнасць, то атрымалі таксама "у спадчыну" прыгавораных людзей, у тым ліку і з іншых савецкіх рэспублік, якія на той момант знаходзіліся ў СІЗА для прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў. Напрыклад, цягам некалькіх дзясяткаў гадоў з Літоўскай Рэспублікі, дзе не было сваёй расстрэльнай каманды, для прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду адпраўлялі ў Мінск. Таму казаць пра дакладную лічбу не выпадае.

- З чым звязанае тое, што - паводле статыстыкі - у 90-х выносілі больш смяротных прысудаў, чым цяпер?

- Перадусім я хачу акрэсліць, што для нас колькасць ня важная. Для нас трагедыя, нават калі дзяржава забівае аднаго чалавека. Мы выступаем за правасуддзе без забойства, для нас важна жыццё кожнага чалавека незалежна ад таго, што ён здзейсніў, бо гэта вельмі моцна ўплывае на грамадства, на кожнага з нас. Гэта раскручвае спіраль нянавісці, такім чынам дзяржава пазіцыянуе сябе, што толькі яна мае манаполію на гвалт і гэтым гвалтам актыўна карыстаецца.

Да 2000 года і сапраўды была большая колькасць прысудаў - 30-40 у год. Шмат кажуць пра тое, што гэта было звязана з заканадаўствам, таму што да 2000 года альтэрнатывай смяротнаму пакаранню быў максімальны тэрмін зняволення 15 год. Таму часта абіралі смяротнае пакаранне. А пасля адбыліся змены: зʼявілася магчымасць пажыццёвага зняволення і максімальнага тэрміну да 25 год.

Каму могуць вынесці смяротны прысуд?

- За што ў Беларусі могуць вынесці смяротны прысуд?

- Да часу апошніх зменаў заканадаўча было прадугледжана вынясенне смяротных прысудаў па 11 складах злачынстваў у мірны час і па двух у выпадку ўвядзення ваеннага становішча. У звязку з апошнімі зменамі магчымасці пашырыліся. Калі мы кажам пра гэтыя 11, то ў асноўным гэта быў склад злачынства 139 артыкула КК - забойства адной або больш асоб. Як правіла, практыка была: калі забойства адной асобы, то пры абцяжарваючых абставінах. Быў толькі адзін выпадак, калі выкарыстоўвалі іншы артыкул: гэта выбух у менскім метро, калі Кавалёў і Канавалаў былі прыгавораныя і расстраляныя па тэрарыстычным акце.

Вынясенне смяротнага прысуду Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву
Вынясенне смяротнага прысуду Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю КанавалавуФото: Photoshot/picture alliance

- Якія фармальныя крытэры існуюць?

- Вельмі часта раней, калі ў нас былі дыскусіі з прадстаўнікамі дзяржавы на розных пляцоўках, яны казалі: што вы ад нас хочаце, у нас усё вельмі гуманна, мы не забіваем падлеткаў і не забіваем жанчын. Смяротнае пакаранне можа быць прысуджана толькі ў адносінах да таго, хто на момант здзяйснення злачынства мае 18 год і больш, а на момант прывядзення ў дзеянне - не больш за 65 год.

Дарэчы, прыгадваецца кейс хлопца з бензапілой, які здзейсніў злачынства ў гандлёвым цэнтры ў Менску. Шмат хто патрабаваў для яго смяротны прысуд, і нават некаторыя СМІ пісалі, што ў адносінах яго будзе смяротны прысуд. Але гэтага не адбылося, таму што ён на той момант быў непаўналетні.

"Сітуацыя толькі пагоршылася"

- Дзе выконваюцца такія прысуды?

- Гэта адбываецца на Валадарскага (СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску - Рэд.), дзяржава пра гэта не любіць гаварыць. Але мы сустракаліся з Алегам Алкаевым (былы кіраўнік СІЗА - Рэд.), здымалі дакументальны фільм, ён пра гэта таксама казаў. Нават казаў пра тое, што гэта ягоная заслуга, што гэта адбываецца на Валадарскага, бо такім чынам ён вырашыў больш гуманізаваць гэты від пакарання, бо раней гэта адбывалася каля спецучастку, дзе хаваюць целы. Але сценкі аўтазака тонкія, і тыя, хто чакаў сваёй чаргі, чулі, што адбываецца, і для іх гэта было дадатковым выпрабаваннем.

Я ўвогуле не разумею, як можна гуманізаваць такі жахлівы від пакарання, які ў прынцыпе зʼяўляецца антыгуманным.

- Калі вы знаходзіліся ў Беларусі, наколькі ўлады ішлі на кантакт пры абмеркаванні гэтай тэмы?

- Усё залежала ў пэўнай ступені ад канʼюнктуры, улады нават самі праводзілі мерапрыемствы па тэме смяротнага пакарання разам з прадстаўніцтвам ААН, ЕЗ і прадстаўнікамі Савету Еўропы. Быў пэўны перыяд, калі ўлады вельмі шмат казалі пра праблему смяротнага пакарання, нават была працоўная група ў парламенце па вывучэнні праблематыкі адмены смяротнага пакарання. То бок гэта ўсё дэкларавалася, але нічым не скончылася, сітуацыя толькі пагоршылася.

Пры гэтым варта адзначыць, што ў 2021 годзе былі памілаваныя браты Косцевы, і хто б што ні казаў, рашэнне было прынята на ўзроўні адміністрацыі прэзідэнта, у нас паводле заканадаўства прэзідэнт падпісвае такое рашэнне. І акт памілавання - гэта ў прынцыпе праяўленне акту гуманнасці. Я лічу, гэта вельмі важна, асабліва ўлічваючы тое, што ў нас вельмі рэдка ў выпадку з смяротным пакараннем праяўляюцца такія акты гуманнасці.

"Падтрымлівае смяротнае пакаранне больш за палову"

- Можаце распавесці пра гэты выпадак падрабязней?

- Браты Косцевы з Чэрыкава, невялікага мястэчка Магілёўскай вобласці. Яны здзейснілі забойства суседкі, з якой былі бытавыя праблемы, яны не маглі міжсобку паладзіць. Яна дастаткова пільна сачыла за гэтай сямʼёй, а гэтыя хлопцы ў свой час былі адабраныя ў сямʼі і змешчаныя ў дзіцячыя дамы, і прычым у розныя, як я зразумеў. І гэта вельмі моцна на іх паўплывала. Яны ўвесь час адтуль уцякалі (з дзіцячых дамоў - Рэд.), каб вярнуцца ў сямʼю. Наколькі я памятаю гэтую гісторыю, іх суседка казала, што дабʼецца таго, што ў іхнай старэйшай сястры забяруць дзяцей. Яны здзейснілі жахлівую рэч і мусяць несці за гэта адказнасць, атрымаць максімальна жорсткае пакаранне. Вось яны праз акт памілавання атрымалі пажыццёвае зняволенне.

Мы праводзілі дастаткова вялікую публічную кампанію, збіралі подпісы і вельмі шмат рабілі матэрыялаў, дзе прасілі, каб іх памілавалі. Іх жа таксама і дзяржава, і грамадства выхоўвалі. 

- Як, нягледзячы на ўсю закрытасць інфармацыі, вы даведаліся пра прысуд?

- Мы нават прысутнічалі падчас яго вынясення, камунікавалі з сваякамі. Суд адбываўся ў Чэрыкаве, на яго немагчыма было прабіцца, не хапала месцаў. І калі пачалі зачытваць вырак і суддзя пачаў казаць пра тое, што ў адносінах іх выносіцца смяротны прысуд, яго перарваў натоўп людзей, пачаў выкрыкваць і пляскаць у далоні, крычаць "правільна". Гэта вельмі ўражвала.

Пасля таго, як было прынятае рашэнне аб памілаванні, я не чуў, каб хаця б адзін чалавек у Чэрыкаве выйшаў на плошчу з плакатам "Вярніце назад смяротнае пакаранне". Калі мы кажам пра статыстыку ў Беларусі, колькасць людзей, якія падтрымліваюць смяротнае пакаранне, складае больш за палову - каля 60 %. Але ў шмат якіх краінах, дзе адмянялі смяротнае пакаранне, рабілі замеры, што меркаванне людзей ідзе ўслед за адменай смяротнага пакарання, то бок з адменай колькасць гэтых людзей аўтаматычна змяншаецца.

Адзін раз у найноўшай гісторыі Беларусі быў зафіксаваны выпадак, калі колькасць людзей, якія выступаюць супраць смяротнага пакарання, складала большасць апытаных - каля 54%. Гэта было пасля таго, як вельмі хутка адбыўся суд і вельмі хутка расстралялі Кавалёва і Канавалава. Калі грамадства ўспрыняло гэта ўсё з сурʼёзным недаверам.

Глядзіце таксама:

Інтэрв'ю DW з праваабаронцам і былым палітвязнем Леанідам Судаленкам

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще