Беларусы, якія ваююць на баку Украіны
Полк Кастуся Каліноўскага ваюе ў складзе УСУ, дапамагаючы абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі
Полк Кастуся Каліноўскага ўдзельнічае ў баявых дзеяннях з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Полк складаецца з беларускіх добраахвотнікаў. Камандзір палка - Дзяніс "Кіт" Прохараў.
У сакавіку 2022 года беларусы сфармавалі добраахвотніцкі батальён, які ўвайшоў у склад УСУ. У траўні таго ж года "каліноўцы" заявілі пра пашырэнне і трансфармацыю ў полк. Сваёй місіяй полк называе "вызваленне Беларусі праз вызваленне Украіны".
Полк назвалі ў гонар Кастуся Каліноўскага, лідара антырасейскага паўстання 1863 года. У сакавіку 1864 года расейскія ўлады публічна пакаралі смерцю Каліноўскага. В 2019 годзе ў Вільні прайшла цырымонія перапахавання яго астанкаў.
У полк Каліноўскага ўваходзяць два баявыя батальёны - "Волат" і "Ліцвін". Дакладную колькасць байцоў у мэтах бяспекі полк не называе.
У Беларусі байцоў палка Каліноўскага лічаць наёмнікамі. У выпадку экстрадыцыі на радзіме ім пагражае крымінальная адказнасць. Апроч таго, аказваецца ціск на родных "каліноўцаў". У іх праходзяць вобшукі, іх затрымліваюць і прымушаюць здымацца ў "пакаянных" відэа.
Пераследуюць і тых, хто дапамагае палку. Так, у Беларусі двум мужчынам прысудзілі па пяць гадоў калоніі за данаты. Георгій Чаравака ахвяраваў добраахвотнікам каля 20 еўра, а Аляксей Швяцоў - каля 49 еўра. Пра прысуды паведаміў праваабарончы цэнтр "Вясна".
Кожны "каліновец" мае дамову з УСУ і вайсковы білет. Апошні дае права легальна знаходзіцца на тэрыторыі Украіны. Таксама кожны баец можа атрымаць від на жыхарства ва Украіне, пасля гэтага - грамадзянства.
Звольніўшыся з УСУ, экс-"каліноўцы" часта вымушаныя з'ехаць з Украіны: з беларускім пашпартам там можна знаходзіцца толькі шэсць месяцаў у год. У Беларусь яны вярнуцца не могуць - там іх чакае турма, а ў іншых краінах шмат хто з іх сутыкаецца з праблемамі легалізацыі.
Дакладная лічба беларусаў, якія загінулі ва Украіне, невядомая. Шмат у якіх выпадках іх імёнаў не называюць - з-за пераследу родных. Урну з прахам - аформіўшы дазвол - можна перадаць у ЕЗ. Прывезці прах у Беларусь немагчыма, яго даводзіцца пакідаць на захоўванне ў крэматорыі.