Дзень волі з мірным сыходам і прэвентыўнымі арыштамі
26 марта 2009 г.Напярэдадні і ў дзень адзначэння дэмакратычнай грамадскасцю 91-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, у Дзень волі 25 сакавіка ў розных рэгіёнах краіны адбыліся прэвентыўныя затрыманні актывістаў апазіцыі, ператрусы ў іх кватэрах з канфіскацыяй інфармацыйных і агітацыйных матэр’ялаў. Аднак сёлета акцыя, адрозна ад леташняй прайшла мірна.
Папярэджанні і затрыманні
Напярэдадні Дня волі, 24 сакавіка актывіст руху "За свабоду" Сяргей Салаш з Барысава быў запрошаны па тэлефоне на размову ў міліцыю. Міліцыянт цікавіўся, ці мае намер барысаўскі палітык узяць удзел у святкаванні Дня волі ў Мінску, і папярэдзіў Салаша аб адміністратыўнай адказнасці за ўдзел у акцыі. У гэты ж дзень такія папярэджанні былі вынесены актывістам "Маладога фронту" Паўлу Кур’яновічу, Андрусю Тычыну, Іллю Шылу і Аляксею Валабуеву.
У Салігорску 25 сакавіка быў затрыманы і змешчаны ў пастарунак актывіст руху "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Аляксандр Цэцура, які накіроўваўся ў Мінск на Дзень волі. У Гомелі былі затрыманыя і асуджаныя за "парушэнні грамадскага парадку" актывісты партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Кастусь Жукоўскі і Сяргей Трыфанаў. Жукоўскаму прысудзілі трое сутак арышту, а Трыфанава аштрафавалі на больш за мільён рублёў - каля 300 еўра.
25 сакавіка ў Мінску прайшлі ператрусы на кватэрах некаторых моладзевых актывістаў з канфіскацыяй інфармацыйных матэр’ялаў і нацыянальнай сімволікі. У гэты ж дзень зранку на чыгуначным вакзале сталіцы міліцыянты затрымалі кіраўніка расійскай моладзевай арганізацыі "Абарона" Алега Казлоўскага і актывістаў Аляксандра Савельева і Максіма Тарлыкова, якія прыехалі ў Мінск на акцыю беларускай апазіцыі. Іх звінавацілі ў лаянцы матам і дэпартавалі назад у Расію.
Выкраданне актывістаў
25 сакавіка актывісты "Маладога фронту" Наста Палажанка і Дзяніс Карноў былі затрыманыя міліцыяй, калі яны сядалі ў таксоўку. Кіроўцу таксі міліцыянты паклалі тварам да зямлі, а актывістаў схапілі. У іх адабралі мабільныя тэлефоны і нацягнулі на галовы чорныя вязаныя шапкі. Палажанку і Карнова змусілі сагнуць галовы ў калені і павезлі ў невядомым кірунку. Праз колькі часу дзяўчыну выкінулі з машыны ў раёне вёскі Тарасава, а юнака давезлі ў раён горада Дзяржынска.
Як распавёў Дзяніс, яго прывезлі ў нейкі лес, паставілі на калені наўпрост у снег і трымалі так каля дваццаці хвілінаў. Пры гэтым у юнака, апроч мабільніка, адабралі ўсе рэчы і грошы. Праз некаторы час Карноў выбраўся з лесу на шашу і папуткамі даехаў да бліжэйшай кавярні, адкуль яго пазней забралі сябры.
Як лічыць кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла, у дзеяннях у дачыненні да моладзевых актывістаў утрымліваюцца прыкметы крымінальнага злачынства - выкраданне людзей, незаконнае пазбаўленне волі, прымяненне сілы. Праваабаронца параіў пацярпелым маладзёнам тэрмінова звярнуцца ў пракуратуру, місію АБСЕ ў Беларусі, а таксама ў камітэт па катаваннях ААН.
З усіх падзеяў апошніх дзён да станоўчых момантаў можна аднесці тое, што Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістравала змены ў статут руху "За свабоду", а таксама тое, што акцыя 25 сакавіка прайшла мірна, без сутыкненняў удзельнікаў з міліцыяй і спецназаўцамі, якіх прывезлі ў сталіцу нават з іншых гарадоў Беларусі.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Марына Нікіціч